Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Стэфановіч: «Мы ўбачым тое самае, што было і ў 2010-м»

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч у перадачы «Інтэрвію тыдня» распавёў, пра што казала Лідзія Ярмошына ў Вене, ці будуць гэтыя прэзыдэнцкія выбары адрозьнівацца ад ранейшых, чаму ўлады паставілі па-за законам заклікі да байкоту і ці сапраўды некаторыя палітыкі ў Эўропе хочуць пайсьці насустрач афіцыйнаму Менску.

— Нядаўна вы выступілі на канфэрэнцыі АБСЭ ў Вене, прысьвечанай ацэнцы міжнародных стандартаў для правядзеньня свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў. Увагу беларускай грамадзкасьці гэтая падзеі прыцягнула ў значнай ступені таму, што там выступала таксама старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына. Пра што яна гаварыла і як яе выступ успрынялі прысутныя?

— Ярмошына выступала ў другой частцы сэмінару, дзе гаворка ішла пра міжнародныя стандарты ў галіне правядзеньня выбараў. Калі каротка, то зьмест яе выступу тычыўся імплемэнтацыі рэкамэндацыяў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ на нацыянальным узроўні ў Беларусі. У прыватнасьці, яна казала, што былі выкананыя некаторыя рэкамэндацыі (праўда, гэта адбылося гадоў 5 таму) — квоты ў камісіях для прадстаўнікоў палітычных партыяў, магчымасьць абскарджваць неўключэньне ў склад камісіяў у судовым парадку, абмежаваньне для ўключэньня ў камісіі некаторых дзяржслужачых і гэтак далей. І напрыканцы яна заявіла, што, нягледзячы на крытыку беларускіх уладаў на адрас БДІПЧ АБСЭ, афіцыйны Менск заўсёды запрашае назіральнікаў ад АБСЭ на выбары, і гэты год ня стаў выключэньнем.

— Ці прадугледжваў фармат гэтага сэмінару нейкую дыскусію?

— Так, у межах гэтай дыскусіі акурат я і ўзяў слова. Я сказаў, што вельмі складана казаць пра правядзеньне сапраўды дэмакратычных і свабодных выбараў ва ўмовах адсутнасьці палітычнага плюралізму ў краіне, а таксама ва ўмовах, калі асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы носяць надзвычай абмежаваны характар. Таксама я пракамэнтаваў выказваньні Ярмошынай, адзначыўшы, што рэкамэндацыі АБСЭ былі імплемэнтаваныя, але ўжо некалькі выбарчых кампаніяў паказалі, што яны не працуюць. Квоты ў камісіях для партыяў і арганізацыяў не прывялі да павелічэньня плюралізму ў выбарчых камісіях, бо прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у камісіі так і не ўключаюць. Плюс Беларусь так і не адышла ад «прамысловага» прынцыпу фармаваньня камісіяў. Таксама я адзначыў, што мы як прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» настойваем на выкананьні рэкамэндацыяў, датычных падліку галасоў. Менавіта такога, калі адзін сябра камісіі ажыцьцяўляе падлік з дэманстрацыяй кожнага выбарчага бюлетэня і агучваньнем таго, што ў гэтым бюлетэні зарэгістравана.

— Шмат хто ў сацыяльных сетках абураўся, чаму Ярмошына, якая ўваходзіць у сьпіс «неўязных» у Эўразьвяз, увогуле апынулася ў Вене.

— Калі запрашаюць міжнародныя арганізацыі, сябрам якіх зьяўляецца Беларусь — то ў такім разе такія сьпісы неўязных ня дзейнічаюць.

— «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ўжо праводзяць маніторынг выбарчай сытуацыі. Аднак ці лічыце вы карысным існаваньне некалькіх структураў ад апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці? Некаторыя кажуць, што лепш было б усім аб’яднацца ў адну моцную арганізацыю...

— Я ня бачу тут ніякай праблемы. Мы пазыцыянуем сябе як кампанія непалітычная, мы не прадстаўляем апазыцыю, мы не падтрымліваем ніякіх кандыдатаў. Наша задача — ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжаньня адпаведнасьці яго прынцыпам і стандартам правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў. Тое, што ёсьць іншыя структуры назіраньня, у тым ліку палітычныя, якія падтрымліваюць канкрэтных кандыдатаў, — я ня бачу тут ніякіх праблемаў.

— Вы маеце шматгадовы досьвед назіраньня за выбарамі. Ці можна ўжо цяпер, на гэтым этапе, прагназаваць, што ўлады правядуць гэтыя выбары «як звычайна», ці, можа, яны сапраўды хочуць стварыць максымальна прывабную карцінку для Эўропы?

— Думаю, мы ўбачым прыблізна тое, што бачылі ў 2010 годзе — я маю на ўвазе працэдуру. Мяркую, што ўладам прасьцей будзе прадэманстраваць нейкія «паляпшэньні» ў такіх бачных рэчах, як збор подпісаў, рэгістрацыя і гэтак далей. Я маю на ўвазе, што рашэньні выканкамаў аб вызначэньні месцаў, забароненых для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі — досыць лібэральныя збольшага па ўсёй краіне. Іншая справа, што працэдурныя пытаньні, датычныя такіх прынцыповых рэчаў, як фармаваньне камісіяў, датэрміновае галасаваньне і падлік галасоў — яны застаюцца такімі, як і былі.

Першыя афіцыйныя высновы адносна фармаваньня камісіяў яшчэ рана рабіць (мы якраз рыхтуем справаздачу), але ў прынцыпе ўжо відавочна, што ніякіх новых падыходаў мы ня ўбачылі. Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў па-ранейшаму не бяруцца ў камісіі — дзе-нідзе трапляюць, але гэта хутчэй выключэньні.

— Многія дэмакратычныя палітыкі асьцерагаюцца, што эўрапейскія структуры могуць знайсьці на гэтых выбарах «пэўны прагрэс», і гэта будзе крокам дзеля легітымізацыі цяперашняга палітычнага рэжыму. Зыходзячы з вашых кантактаў з замежнымі палітыкамі і праваабаронцамі, ці можна сьцьвярджаць, што ў Эўропе ёсьць жаданьні «пайсьці насустрач» афіцыйнаму Менску ў ацэнцы гэтых выбараў?

— Вядома, спэцыфіка гэтых выбараў у тым, што яны адбываюцца ў новых геапалітычных умовах — на фоне расейска-ўкраінскага канфлікту. Але я падзяліў бы ацэнкі выбараў на дзьве групы — палітычныя і прафэсійныя. Вядома, могуць быць ацэнкі, грунтаваныя на палітычных інтарэсах асобных сілаў. Але што тычыцца місіі БДІПЧ АБСЭ, то я ўпэўнены, што яны будуць ацэньваць выбарчыя працэдуры і фон выбараў максымальна бесстаронне і дэпалітызавана.

— На гэтых выбарах як ніколі раней сярод дэмакратычных актывістаў папулярная ідэя байкоту і няўдзелу. Але гэтыя выбары будуць першымі за апошнія гады, калі працуе норма, якая забараняе агітацыю за байкот. Наколькі гэтая норма адпавядае тым абяцаньням, якія робіць Менск Эўропе?

— Так, напрыканцы 2014 году былі прынятыя зьмены ў Выбарчы кодэкс, упершыню з 2000 году заклікі да байкоту выбараў былі забароненыя і была ўведзеная адміністратыўная адказнасьць за заклікі да байкоту выбараў ня ў дзень галасаваньня. Падыходы да гэтага пытаньня ў сьвеце розныя, і ў некаторых краінах заклікі да байкоту таксама забароненыя. Але адметнасьць сытуацыі ў тым, што Беларусь летась далучылася да Канвэнцыі СНД аб правядзеньні дэмакратычных і свабодных выбараў. На погляд экспэртаў кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары», пункт 8 артыкула 9 гэтай Канвэнцыі кажа пра тое, што грамадзяне могуць і маюць права байкатаваць выбары і заклікаць да байкоту выбараў. Усе краіны СНД, якія ратыфікавалі гэтую Канвэнцыю, ня маюць у сваім заканадаўстве нормаў, якія забараняюць заклікі да байкоту. Таму, як мне падаецца, ратыфікаваўшы Канвэнцыю, Беларусь узяла на сябе абавязаньні яе выконваць.


Каментары