Гомельскі абласны суд не задаволіў скаргу «Справядлівага свету» на неўключэнне ў абласную камісію сябра партыі
Гомельскі абласны суд 23 ліпеня разгледзеў скаргу старшыні абласнога камітэту Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзіміра Сякеркі на дзеянні прэзідыуму Гомельскага аблвыканкаму і абласнога Савету дэпутатаў, якія пры стварэнні абласной выбарчай камісіі не ўключылі ў яе склад прадстаўніка партыі Віктара Хоміча. Уладзімір Сякерка прасіў суд прызнаць дзяржаўных органаў незаконнымі, прыняць новае рашэнне аб стварэнні камісіі і ўключыць у яе склад Віктара Хоміча.
Ад аблвыканкаму і абласнога Савету дэпутатаў на паседжанні прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкаму Дзмітрый Ражкоў і намеснік начальніка аддзелу арганізацыйнага забеспячэння, працы з органамі кіравання і мясцовага самакіравання упраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкаму Тамара Сівуха. Яны прасілі суд не задавальняць скаргу і даводзілі, што абласная выбарчая камісія створана цалкам законна, празрыста і дэмакратычна.
Адным з крытэраў уключэння ў камісію быў досвед працы ў выбарчых камісіях. Уладзімір Сякерка нагадаў, што Віктар Хоміч з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 склікання, дэпутатам абласнога савету і працаваў у розных камісіях. «Гэта прынцыповы, патрабавальны чалавек, які не дапусціў бы парушэнняў заканадаўства пры працы выбарчай камісіі. Таму, я лічу, яго і не ўключылі. Таму і ўзнікаюць сумненні наконт дэмакратычнасці і празрыстасці выбарчай кампаніі», - адзначыў рэгіянальны лідар «Справядлівага свету».
Тамара Сівуха адзначыла на судзе, што на ўключэнне ў камісію прэтэндавалі 24 чалавекі, а ўключылі 13 чалавек, большасць з якіх – 8 чалавек, па яе словах – прадстаўнікі грамадскасці. «Мы ўключылі восем чалавек, каб максімальна прадставіць у камісіі грамадзянскую супольнасць. Па заканадаўстве павінна быць грамадскасці не менш за траціну камісіі, а мы нават больш уключылі. У на дзяржаўных служачых у камісіі толькі два чалавекі», - патлумачыла чыноўнік.
Яна дадала, што пры рашэнні – уключаць таго ці іншага чалавека ў склад камісіі, на кожнага прэтэндэнта ўважліва разглядалася яго характарыстыка. «А дзе вы ўзялі характарыстыку на Віктара Хоміча, каб яе вывучаць?», - пацікавіўся Уладзімір Сякерка. Тамара Сівуха парыравала, што ўлічвалі «грамадскае меркаванне», а яе начальнік Дзмітрый Ражкоў дадаў, што інфармацыю пра кандыдатаў на ўключэнне ў камісію члены прэзідыуму глядзелі ў тым ліку і ў інтэрнэце. «Было пададзена 24 кандыдатуры, і ўсе яны, амаль усе – годныя людзі. Мы нічога благога не казалі пра вашага прэтэндэнта», - падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы. Ён дадаў, што не ўключылі ў камісію не толькі Віктара Хоміча, але і іншых годных людзей – з ветэранскай арганізацыі, прафсаюзу і так далей.
Чыноўнікі папікнулі Уладзіміра Сякерку, што ён не прысутнічаў на паседжанні па стварэнні абласной камісіі, бо «вы маглі б там узяць слова і даць добрую характарыстыку Віктару Хомічу». Хаця які б гэта мела плён, калі, па словах супрацоўнікаў аблвыканкаму, асобы прэтэндэнтаў на ўключэнне ў камісію абмяркоўваліся загадзя «працоўнай групай», якая і падрыхтавала спіс з 13 чалавек, прадстаўлены потым на зацвярджэнне на паседжанні.
Дзмітрый Ражкоў дадаў, што орган, які стварае камісію, не абавязаны даваць тлумачэнні з нагоды уключэння ці неўключэння таго ці іншага грамадзяніна ў камісію. «Было 24 прэтэндэнты, уключылі 13, канечне, нехта застанецца незадаволены», - адзначыў начальнік упраўлення.
Суд вынес рашэнне: скаргу пакінуць без задавальнення.
Выклікаюць сумневы сцверджанні чыноўнікаў на судзе пра толькі дваіх дзяржаўных служачых у камісіі. Напрыклад, прадстаўнікі «грамадскасці» («Белай Русі» і «Беларускага саюзу жанчын») Павел Ждановіч і Галіна Саланец працуюць дырэктарам дзяржаўнага музею ваеннай славы і дырэктарам дзяржаўнага медыцынскага каледжу. Ад «грамадзян» прайшлі ў абласную камісію намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Тамара Лук'яненка, галоўны ўрач шпіталю ветэранаў вайны Алег Іванцоў і намеснік начальніка ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Ала Сусарэнка. Яшчэ адны прадстаўнікі «грамадскасці, грамадзян і працоўных калектываў» - дырэктар унітарнага прадпрыемства «Гомельвторчермет» Мікалай Чарныш, памочнік генеральнага дырэктара РСУП «Гомельгосплемпредприятие» Аляксандр Старацітараў і дырэктар філіялу «Белдзяржстраху» Мікалай Стош.