Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Прадстаўніка БХК не дапусцілі на паседжанне раённай выбарчай камісіі ў Віцебску

Леанід Свецік
Леанід Свецік

Леанід Свецік хацеў трапіць на першае паседжанне выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёну Віцебска. Але намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Петр Падгурскі заявіў, што ягоная прысутнасць “непажаданая”.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік кажа, што нават не паспеў паказаць накіраванне ад БХК – толькі прадставіўся ў вуснай форме:

“Пётр Падгурскі адразу сказаў, што менавіта на гэтае паседжанне, дзе абіраецца старшыня камісіі і ўвогуле кіраўнічы склад, мяне дапускаць “немэтазгодна”. Тады я сказаў, што хацеў бы прысутнічаць проста як шараговы выбаршчык, жыхар Кастрычніцкага раёну, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Тады паступіла прапанова, каб сябры камісіі прагаласавалі, ці згодныя яны, каб я прысутнічаў. Спадар Падгурскі абвясціў, што ўсе прысутныя “мусяць падумаць”, перш чым прагаласаваць. І праз колькі хвілін усе 12 сяброў камісіі – яшчэ адзін сябра камісіі не прысутнічаў, бо быў у камандзіроўцы, прагаласавалі “супраць”.

Паводле Леаніда Свеціка, перад сыходам яму прапанавалі прыйсці заўтра, зарэгістравацца ў якасці назіральніка, і тады ўжо прыходзіць на наступнае паседжанне камісіі.

“Чаму мне нельга было прысутнічаць менавіта сення, я так і не зразумеў. Але адмова сведчыць пра тое, наколькі адкрыта пачынаецца ў Віцебску выбарчая кампанія. Пра тое, што мяне не дапусцілі на пасяджэнне раённай выбарчай камісіі, я ўжо накіраваў скаргу ў ЦВК”, -- распавёў праваабаронца.

Нагадаем, напярэдадні Леаніду Свеціку было адмоўлена прысутнічаць на працэсе фармавання раённых камісій у Віцебску, якое прайшло ўчора. За дзень да супольнага пасяджэння прэзідуюму гарсавета і гарвыканкаму яму патэлефанавалі і сказалі, што ягоная просьба прысутнічаць на ім у якасці прадстаўніка БХК не задаволена, бо "маніторынг паседжанняў не дазволены заканадаўствам".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары