Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бабруйск: у ТВК пад выглядам “грамадскасці” прайшлі чыноўнікі

На сайце гарвыканкаму з'явіўся поўны спіс сябраў двух тэрытарыяльных камісій Бабруйска. У іх, нагадаем, не патрапілі сябры партыі "Справядлівы свет" - Альберт Секержыцкі і Арцём Мігалкін. Пераважная колькасць сябраў ТВК -- гэта людзі, якія ўжо працавалі ў камісіях падчас мінулых выбарчых кампаній.

Месцы працы сябраў ТВК традыцыйна не паведамляюцца (на сходзе яны таксама не агучваліся), указаны толькі шлях вылучэння. Напэўна таму, што за вылучэнцамі ад грамадзян, якія прайшлі ў камісіі, сарамліва "схаваліся" чыноўнікі. Напрыклад, у ТВК Ленінскага раёну ёсць прадстаўніца "Беларускага фонду міра" Валянціна Афанасенка. Яна працуе ў адміністрацыі Ленінскага раёну начальніцай аддзелу арганізацыйна-кадравай работы і ўжо была сябрам і сакратаркай ТВК на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Вылучаная шляхам збору подпісаў Святлана Бабко працуе ў гэтай жа адміністрацыі начальніцай аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі.

Таксама вылучэнка ад грамадзян - старшыня прафкаму фабрыкі "Славянка" Ірына Епіфанава. Патрапіла ў камісію і загадчыца дзіцячым садком №74, дзеючая дэпутатка гарсавету Валянціна Максімава. Яна вылучалася ад Камуністычнай партыі Беларусі. Яшчэ адна начальніца ў ТВК - Іна Новікава, якая працуе дырэктаркай тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Валянціна Селязнёва, вылучаная выбаршчыкамі, працуе галоўным спецыялістам прадстаўніцтва «Магілёўскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва».

У камісіі Першамайскага раёну - усё тыя ж "вопытныя і кампетэнтныя". Шляхам збору подпісаў сюды прайшла Алена Белавусава, галоўны спецыяліст па працы з моладдзю ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарвыканкаму. Гэткім жа чынам ў склад камісіі ўвайшла загадчыца біблітэкай Святлана Бяляк. Віктар Гарбанёў, таксама вылучаны грамадзянамі, на ўсіх апошніх выбарах быў старшынём выбарчай камісіі Першамайскага раёна. Ад грамадзян вылучалася і Лілія Жук - дырэктарка Бабруйскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжу імя Чарныша.

Ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці вылучаўся Васіль Зубар, ён жа намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Бабруйскі гарбарны камбінат». Яшчэ адзін сябра камісіі Вадзім Кулікоў -- намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і маркетынгу ААТ «Камбінат жалезабетонных вырабаў». Ён прайшоў у камісію ад Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Кіраўнік спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Аляксандр Адзіночанка патрапіў у камісію як сябра "Белай Русі".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары