Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Адміністрацыя Чыгуначнага раёна Гомеля адкрыта падтрымлівае аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты?(скрыншоты) Абноўлена: інфармацыю з сайта прыбралі праз 20 хвілін пасля гэтай публікацыі

На сайце Адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля ў раздзеле «Выбары» апроч афіцыйнай інфармацыі пра пачатак кампаніі і стварэнне раённай выбарчай камісіі размешчана абвестка, што распачынае працу «Грамадская прыёмная РГА «Белая Русь». Тут жа знаходзіцца «Графік дзяжурстваў членаў ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнню кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у грамадскай прыёмнай Чыгуначнай арганізацыі Гомеля РГА «Белая Русь». Прозвішча кандыдата ў прэзідэнты не называецца, хаця напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі “Белая Русь” адкрыта заявіла пра падтрымку дзеючага прэзідэнта А. Лукашэнкі.

- Адметна, што на сайце адміністрацыі раёна размешчана інфармацыя пра грамадскую прыёмную асобнай арганізацыі, змешчаны графікі працы сяброў ініцыятыўнай групы ў гэтай прыёмнай за асобнага кандыдата, - адзначыў назіральнік Анатоль Паплаўны.

Дзяжурства членаў «Белай Русі» ці ініцыятыўнай групы пачнецца з 23 ліпеня — дня пачатку збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў. Дзяжурыць будуць з 17.00 да 20.00. Сярод тых, каму «пашчасціла» дзяжурыць — майстры з завода, загадчыца інтэрнатам, ідыёлагі, прафкамаўскія работнікі, прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, настаўнікі, і нават псіхолаг аддзела ідэалагічнай працы ўпраўлення па рабоце з персаналам ААТ «Гомсельмаш» усяго 57 чалавек у спісе на 5 старонак.

Уладзімір Лабковіч ад імя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” звярнуўся ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь з просьбай патлумачыць, наколькі такая абвестка на сайце Адміністрацыі Чыгуначнага раена г. Гомеля адпавядае Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, дзе ч.13 арт.61 забараняе адміністрацыі прымаць удзел у зборы подпісаў, а таксама наколькі такая абвестка адпавядае прынцыпу роўнасці ўсіх удзельнікаў выбараў, які гарантаваны кодэксам.

Абноўлена:

Праз 20 хвілін пасля падачы скаргі ў ЦВК і з'яўлення інфармацыі пра садзеянне Адміністрацыі Чыгуначнага раёна ў зборы подпісаў за аднаго з прэтэндэнтаў, з сайта выканкама знікла ўся інфармацыя, датычная гэтай сітуацыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары