У cкладзе Магілёўскай абласной выбарчай камісіі няма прадстаўнікоў апазіцыі
На сумесным пасяджэнні прэзідыўма Магілёўскага аблсавета і Магілёўскага аблвыканкама прысутнічаў праваабаронца Барыс Бухель.
На 13 месцаў у складзе камісіі прэтэндавалі 32 чалавекі, сярод якіх былі два прадстаўнікі апазіцыі. Наталья Шкадун вылучалася шляхам збору подпісаў, аднак пазначыла, што з’яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычная партыі (Грамады). Анатоль Заўялаў ішоў ад Беларуская партыі левых “Справядлівы свет”.
Па выніках пасяджэння ў склад камісіі патрапілі правераныя кадры.
Праваабаронца Барыс Бухель распавёў пра працэс фарміравання Магілёўскай абласной выбарчай камісіі:
- Чыноўнікі выставілі пэўныя патрабаванні да кандыдатаў, сярод якіх былі – поўная інфармацыя аб кандыдаце, жыццёвы вопыт, вопыт працы ў складзе выбарчых камісій, узровень прафесійнай і працоўнай дзейнасці, прадстаўніцтва партыі ці арганізацыі ў вобласці і іх пазнаваемасць сярод насельніцтва. Вось нібыта таму, што апазіцыя не адпавядала гэтым крытэрам, дэмакраты і не патрапілі ў склад камісіі, - кажа Барыс Бухель.
Трэба адзначыць, што ў склад Магілёўскай абласной выбарчай камісіі патрапілі шэсць чалавек, якія мелі вопыт працы ў выбарчых камісіяй розных узроўняў, а таксама сем навічкоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”