Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Салігорск: Тэрытарыяльную камісію сфармавалі за 15 хвілін

Фармаванне Салігорскай раённай выбарчай камісіі мела фармальны характар і цалкам адбывалася па загаддзя падрыхтаваным сцэнары. Такое меркаванне выказаў прысутны на паседжанні прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту Леанід Мархотка.

Сумеснае паседжанне Салігорскага райвыканкаму і Савета дэпутатаў пачалося роўна ў 16 гадзін 21 ліпеня ды заняло літаральна 15 хвілін. Галоўны ідэолаг Салігоршчыны Мікалай Маскевіч скарагаворкай зачытаў прозвішчы пятнаццаці вылучэнцаў, ад двух з якіх былі агучаныя самаадводы.

- Усё адбывалася абсалютна фармальна, аніякага абмеркавання прэтэндэнтаў у камісію не было. Маскевіч зачытаў спіс з такой хуткасцю і настолькі неразборліва, што запомніць, хто і ад каго вылучаецца, а тым больш зрабіць па кожным прэтэндэнце асэнсаваны выбар было больш чым праблематычна. Старшыня ж выканкаму Аляксандр Рымашэўскі заявіў, што ўсіх іх ведае і ўвогуле гэта нібыта вядомыя ў раёне людзі, таму, маўляў, можна не сумнявацца пры галасаванні, - кажа Леанід Мархотка. - Я зрабіў заўвагу, што гэтых вядомых людзей ведаюць далёка не ўсе. Да таго ж на паседжанні былі прадстаўнікі Салігорскага тэлеканала, якія маглі б азнаёміць не толькі Аляксандра Рымашэўскага, але і ўсіх жыхароў горада з будучымі сябрамі выбарчай камісіі. Усё ж ад працы гэтых людзей у значнай ступені залежыць лёс нашай краіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Але маю заўвагу, на вялікі жаль, не ўспрынялі.

У выніку на абсалютна безальтэрнатыўнай аснове ў Салігорскую раённую выбарчую камісію было абрана 13 чалавек. Паасобнага разгляду кандыдатур не было, а галасаванне адбывалася адзіным спісам. З тых прозвішчаў, якія прадстаўніку БХК удалося расчуць падчас хуткачытанкі галоўнага ідэолага, у асноўным адныя і тыя чыноўнікі, кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў і праўладных арганізацый, фармальна вылучаныя рознымі шляхамі. Леанід Мархотка таксама адзначае, што дакументаў ні ад прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый, ні ад асобных грамадзян на разгляд удзельнікаў паседжання пададзена не было.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары