Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Байкот выбараў: заканадаўства і практыка краін СНД

Параўнаўчы аналіз выбарчага заканадаўства краін-удзельніц Канвенцыі СНД “Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах-удзельніцах СНД”

15 ліпеня сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Мікалай Лазавік чарговы раз патлумачыў пазіцыю ЦВК наконт права на байкот выбараў. Ён наступным чынам акрэсліў падставу, чаму ў беларускае выбарчае заканадаўства была ўведзена забарона на байкот і заклікаў да байкоту: “У адпаведнасці з Канвенцыяй (маецца на ўвазе Канвенцыя “Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах-удзельніцах СНД – заўв. аўтара) байкот забаронены. Пры гэтым гэтая забарона распаўсюджваецца не толкьі на выступы кандыдатаў, але і на ўсіх грамадзян. Гэта значыць, калі дзяржава выдаткоўвае велізарныя грошы на арганізацыю і падрыхтоўку выбараў, то грамадзянам забараняецца весці агітацыю за зрыў гэтага найважнейшага мерапрыемства”.

Не буду паўтараць тых аргументаў, якія выказаў у сваім падрабязным аналізе Валянцін Стэфановіч, а спынюся толькі на тым, як іншыя краіны, якія ратыфікавалі Канвенцыю СНД “Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод”, выконваюць міжнародныя пагадненні.

Рэспубліка Арменія

У выбарчым заканадаўстве Арменіі няма артыкулаў альбо норм, якія абавязваюць грамадзян альбо партыі ўдзельнічаць у выбарах. Грамадзяне вольныя як удзельнічаць у выбарах, так і не ўдзельнічаць: могуць зайсці на выбарчы ўчастак, узяць бюлетэнь і нічога ў ім не адзначыць. Забаронена толькі выносіць бюлетэнь для галасавання з выбарчага ўчастка.

Вядомыя і масавыя партыі Арменіі праводзяць публічныя кампаніі байкоту, а менавіта -- агітуюць грамадзян не ўдзельнічаць у выбарах. Такія заклікі з’яўляюцца неад’емным правам палітычных суб’ектаў краіны і ніколі не цягнулі за сабой якой-небудзь адказнасці.  

Рэспубліка Малдова

У Малдове няма заканадаўчай забароны байкоту выбараў. Напрыклад, у 2010 годзе праводзіўся Нацыянальны рэферэндум па пытаннях зменаў у Канстытуцыю, падчас якога Камуністычная партыя, Сацыяльна-палітычны Рух “Раўнапраўе” і Сацыяльна-дэмакратычная партыя праводзілі агітацыю з заклікам байкатаваць яго, што было аспрэчана  ў ЦВК іншымі палітычнымі суб’ектамі. Аднак сваім рашэннем ЦВК падцвердзіла, што заклікі гэтых партый да грамадзянаў не ўдзельнічаць у рэферэндуме, а роўна і ў выбарах усіх узроўняў з'яўляецца іх палітычным правам.

Рэспубліка Казахстан

Адразу адзначу, што выбарчыя заканадаўствы Рэспублікі Казахстан і Рэспублікі Беларусь вельмі падобныя паміж сабой. Канстытуцыйны закон Рэспублікі Казахстан “Аб выбарах у Рэспубліцы Казахстан” не ўтрымлівае адказнасці за заклікі да байкоту.

Вялікая колькасць апазіцыйных сіл Казахстана праводзяць кампаніі па байкоту выбараў. Гэтыя кампаніі праходзяць публічна праз СМІ, а таксама шляхам раздачы друкаваных матэрыялаў, правядзення мітынгаў, пікетаў. Такія кампаніі праводзіліся рознымі палітычнымі сіламі падчас усіх выбараў прэзідэнта Казахстана, напрыклад, падчас чарговых і датэрміновых выбараў прэзідэнта ў 2011 годзе. Тады ЦВК Казахстана прасіла грамадзян не паддавацца заклікам байкатаваць пазачарговыя выбары, называючы іх правакацыямі, і такім чынам каментуючы байкот: “Яўка выбаршчыкаў - гэта рашэнне кожнага выбаршчыка, але паддавацца вось такім правакацыйным дзеянням і ахвяраваць сваім канстытуцыйным правам галасаваць -- гэта проста абразліва было б для любога чалавека, любога выбаршчыка”.

Нягледзячы на тое, што ЦВК дазваляла сабе не толькі палітычную, але і эмацыйную ацэнку кампаніі байкоту, заканадаўства Казахстана не прадугледжвае адказнасці за падобныя заклікі, і ніхто з агітатараў за байкот не быў пакараны.

Расійская Федэрацыя

Выбарчае заканадаўства Расійскай Федэрацыі прадстаўлена вялікай колькасцю нарматыўных актаў, якія рэгулююць выбары розных узроўняў. Ніводны з іх не ўтрымлівае забарону заклікаў да байкоту выбараў.

Паколькі выбарчае заканадаўства сыходзіць з прынцыпу: што не забаронена, тое дазволена, практыка заклікаў да байкоту з’яўляецца распаўсюджанай сярод часткі палітычных суб’ектаў Расіі. У тым ліку некаторыя дэпутаты Дзяржаўнай Думы дазваляюць сабе заклікі да байкоту муніцыпальных выбараў у РФ. Трэба адзначыць, што ў Расіі адсутнічае парог яўкі для прызнання выбараў адбыўшыміся, таму і заклікі да байкоту не маюць вялікага практычнага сэнсу.

Выбарчае заканадаўства Рэспублікі Кыргызстан і Рэспублікі Таджыкістан таксама не ўтрымліваюць забарону байкоту выбараў. Калі палітычныя суб’екты гэтых краін праводзілі кампаніі па закліку да байкоту выбараў, гэта не цягнула за сабой прыцягнення іх да адказнасці.

Азербайджанская Рэспубліка не з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі СНД “Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах-удзельніцах СНД”, але ў сваім заканадаўстве падтрымлівае асноўныя падыходы, выкладзеныя ў ёй адносна заклікаў да байкоту. Увогуле Выбарчы кодэкс Азербайджанскай Рэспублікі можна лічыць самым прагрэсіўным у частцы права на байкот. Яно наўпрост гарантавана п.11.2. арт. 11 ВК: "Грамадзяне, палітычныя партыі, агітацыйныя групы па выбарах (рэферэндуму) маюць права весці перадвыбарчую (перадрэферэндумную) агітацыю ў форме звароту да выбаршчыкаў удзельнічаць ці не ўдзельнічаць у выбарах (рэферэндуме), галасаваць за або супраць зарэгістраванага кандыдата, палітычнай партыі, блока палітычных партый, галасаваць за ці супраць пытання, вынесенага на рэферэндум, у дапушчальных законам формах і метадах".

Такім чынам, толькі Беларусь наўпрост у сваім заканадаўстве ўвяла забарону на байкот выбараў, а таксама прадугледзела адміністрацыйную адказнасць за заклікі да байкоту.

Усе краіны-удзельніцы Канвенцыі забараняюць гвалтоўныя дзеянні, скіраваныя на зрыў, адмену выбараў, адмову ад выбарчых працэдур, што і прадугледжвае арт.6, але гарантуюць дабраахвотны няўдзел у выбарах. Пры гэтым краіны-удзельніцы альбо ніяк не адлюстравалі ў сваім выбарчым заканадаўстве пытанне дазволу заклікаў да байкоту, альбо наўпрост гарантавалі такую форму агітацыі. Ні ў воднай з гэтых краін не прадугледжаны пераслед за заклікі да байкоту і не ўведзена адпаведная адказнасць за такія дзеянні.

Гэта сведчыць, што ўсе падпісанты Канвенцыі, акрамя Беларусі, аднолькава разумеюць норму п.8 арт.9 Канвенцыі, якая наўпрост дазваляе заклікі да байкоту.

Уладзімір Лабковіч, “Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары