Баранавічы: у гарадской камісіі – прадстаўнік “Справядлівага свету” і ТБМ
Сёння, 21 ліпеня, адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў і гарвыканкама па стварэнні гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ. На пасяджэнні прысутнічалі карэспандэнты афіцыйнай газеты “Наш край” і мясцовага тэлебачання, а таксама гарадской недзяржаўнай газеты “Intex-press”, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. На гэтае пасяджэнне змог патрапіць ад БХК праваабаронца Вячаслаў Болбат.
У спісе вылучаных у склад Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі быў 21 прэтэндэнт, сярод якіх -- прадстаўнік гарадской структуры партыі “Справядлівы свет” Рыгор Дружынін, грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” Віктар Сырыца, а таксама шляхам збору подпісаў быў вылучаны індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус.
Адкрытага абмеркавання і галасавання па кандыдатурах у склад выбарчай камісіі не было. Супрацоўнікі гарвыканкама і гарсавета толькі зацвердзілі загаддзя прапанаваны спіс Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў складзе 13 асоб. Сябрамі Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі традыцыйна сталі прадстаўнікі КПБ і “Белай Русі”, “Беларускага саюза жанчын”, БРСМ, саюза ветэранаў, Беларускага саюза афіцэраў, прафсаюза дзяржаўных устаноў. У склад ТВК трапілі таксама вылучэнцы ад “Справядлівага свету” і “Таварыства беларускай мовы”.
Фота: сумеснае пасяджэнне 21 ліпеня прэзідыума Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта па стварэнні гарадской ТВК