Прадстаўніка БХК не дапусцілі на паседжанне па стварэнні Баранавіцкай раённай камісіі
Сёння, 20 ліпеня, адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума Баранавіцкага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта па стварэнні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ. На гэтае пасяджэнне не быў дапушчаны прадстаўнік БХК Сяргей Гоўша.
– Я патлумачыў раённаму кіраўніцтву, што Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” дазваляе прадстаўнікам палітычных партый, грамадскіх арганізацый і нават грамадзянам прысутнічаць на пасяджэннях выканаўчых і распарадчых органаў улады. Згодна арт.3 гэтага Закона мясцовае кіраванне ажыццяўляецца, у тым ліку, на прынцыпе галоснасці, таму прасіў дазволіць мне прысутнічаць на пасяджэнні прэзідыума Баранавіцкага раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама па стварэнні ТВК, – паведаміў Сяргей Гоўша.
Аднак, па словах праваабаронцы, яго папрасілі пакінуць памяшканне, спаслаўшыся на тое, што арт. 34 ВК не дазваляе прысутнічаць прадстаўнікам грамадскіх арганізацый на пасяджэнні па фарміраванні ТВК, калі яны не вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчай камісіі.
Па словах праваабаронцы, ён зарэгістраваў сваё накіраванне ад БХК у райвыканкаме яшчэ 15 ліпеня, і ў яго лісце была спасылка не на Выбарчы кодэкс, а на ч.2 арт. 39 Закона РБ “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, які дазваляе яму прысутнічаць на пасяджэннях выканаўчых і распарадчых органаў улады.
Сяргей Гоўша не згодны з такім рашэннем раённага кіраўніцтва і мае намер аспрэчваць яго.
Фота: будынак Баранавіцкага райвыканкама
“Праваабаронцы з свабодныя выбары”