Смаргонь: улада аддаляе ад сваіх будынкаў пікеты па збору подпісаў
Смаргонскім райвыканкамам перад выбарамі, што адбыліся ў 2010 годзе, прэтэндэнтам на пасаду Прэзідэнта было забаронена ладзіць пікеты з мэтай збору подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у тых месцах, якія перашкаджаюць руху транспарту і пешаходаў; уяўляюць небяспеку жыццю і здароўю грамадзян; на аб'ектах чыгуначнага транспарту; каля ўваходу ў арганізацыі і культавыя ўстановы.
Паводле публікацыі ў раённай газеце “Светлы шлях” ад 17 ліпеня 2015 года, Смаргонскі райвыканкам рашэннем ад 14 ліпеня ўвёў забарону для пікетавання: на адлегласці менш 50 метраў ад будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры; на тэрыторыі ўстановаў адукацыі і аховы здароўя; на тэрыторыі чыгуначных вакзалаў, аўтавакзала, у пасажырскім транспарце.
На погляд смаргонскіх праваабаронцаў, у параўнанні з выбарчай кампаніяй-2010, зроблены крок назад.
Напрыклад, у 2010 годзе забаранялася пікетаваць толькі каля ўваходаў ва ўстановы улады, суда, пракуратуры. А праз пяць гадоў дэмакратыя “адкацілася” ажно на 50 метраў – менавіта на такую адлегласць адсунула пікетоўцаў рашэнне мясцовага райвыканкама.
Зноў жа, падчас кампаніі-2010 нельга было пікетаваць каля ўваходу ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя. Цяпер жа дадалася забарона збіраць подпісы на тэрыторыі гэтых устаноў. І гэта пры тым, што межы тэрыторый тых жа паліклінік ды і большасці школ могуць узгадаць, бадай, толькі архітэктары ды вузкае кола кіраўнікоў, ды і то, добра пакорпаўшыся ў паперах. Напрыклад, у Смаргоні адна паліклініка знаходзіцца ў інтэрнаце, другая – у шматпавярховым доме. Як тут вызначыцца?
Акрамя таго, распаўсюджана забарона на аўтавакзал і пасажырскі транспарт. Што тычыцца апошняга, то гэта – недарэчная забарона. Бо цяжка ўявіць пікет, размешчаны ў аўтобусе ці таксоўцы.
Тое, што знятая забарона на пікетаванне каля ўваходаў у іншыя арганізацыі і культавыя установы, не кампенсуе забарону на пікетаванне бліжэй 50 метраў ад пералічыных вышэй устаноў улады, суда, пракуратуры. Бо паводле практыкі выбарчых кампаній у Смаргоні, пікеты каля ўваходаў у арганізацыі і культавыя ўстановы прэтэндэнтамі і да выбарчай кампаніі-2010 ніколі не ладзіліся. Таму гэта забарона не мела практычнага значэння.
Дзіўна, але Смаргонскі райвыканкам у спіс забароненых месцаў не ўключыў мясцовае аддзяленне КДБ і Смаргонскі РАУС, парадныя ўваходы ў якія знаходзяцца праз дарогу ад будынка суда, у 20-30 метрах.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”