Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Не ўсе райвыканкамаўскія інтэрнэт-сайты Магілёўскай вобласці змясцілі рашэнні аб забароненых месцах для збору подпісаў

Па стане на 18 ліпеня на пяці райвыканкамаўскіх інтэрнэт-сайтах Магілёўскай вобласці з 21-го немагчыма знайсці рашэнні мясцовых райвыканкамаў аб вызначанні месцаў, якія забаронены для правядзення пікетаў з мэтай збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты.

У прыватнасці, такую інфармацыю на сваіх старонках не апублікавалі інтэрнэт-сайты Бялыніцкага, Быхаўскага, Горацкага, Мсціслаўскага і Шклоўскага райвыканкамаў. Між тым, 17 ліпеня быў апошні дзень, калі мясцовыя ўлады паводле выбарчага заканадаўства павінны былі вызначыць месцы, якія забаронены для правядзення пікетаў з мэтай збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты.

Прааналізаваўшы даступныя райвыканкамаўскія рашэнні райвыканкамаў Магілёўскай вобласці, неабходна адзначыць, што мясцовыя ўлады дастаткова ліберальна падышлі да вызначэння месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Большасць райвыканкамаў Магілёўшчыны забаранілі збіраць подпісы на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя,культуры, фізічнай культуры і спорта, сацыяльнай абароны насельніцтва, аўтавакзалах (станцыях), а таксама на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, органаў пракуратуры, судоў, тэрыторый арганізацый, забяспечваючых абароназдатнасць,бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасці насельніцтва. Складаецца ўражанне, што амаль аднатыпныя рашэнні розных райвыканкамаў прымаліся нібыта пад капірку. Некаторыя райвыканкамы дадавалі да вышэйпералічанага спісу яшчэ і прахадныя прадпрыемстваў з колькасцю працуючых больш за 300 чалавек (Касцюковічы). Рашэннем Асіповіцкага райвыканкама забаронена збіраць подпісы толькі на цэнтральнай плошчы горада і аб’ектах чыгуначнага транспарта. Больш жорсткае рашэнне прыняў Клічаўскі райвыканкам – подпісы забаронена збіраць на тэрыторыях у цэнтры горада, якія знаходзяцца паблізу перасячэння вуліцы Ленінскай і вуліцы Крываносава, а таксама ўнутры аб’ектаў гандлю, устаноў адукацыі і аховы здароўя, унутры памяшканняў і прылягаючых тэрыторыях аўтавакзала і чыгуначнага вакзала.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары