Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Круглянскі райвыканкам адмяніў уласнае рашэнне наконт вызначэння месцаў, забароненых для пікетавання

На інтэрнэт-сайце Круглянскага райвыканкама з’явілася новае рашэнне “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”. Рашэнне Круглянскага райвыканкама №10-32 прынятае 15 ліпеня 2015 г.

Згодна новага рашэння, на тэрыторыі Круглянскага райвыканкама забаронена правядзенне пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў з 23 ліпеня па 21 жніўня 2015 г. уключна на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя,культуры, фізічнай культуры і спорта, сацыяльнай абароны насельніцтва, аўтавакзалах (станцыях), а таксама на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, органаў пракуратуры, судоў, тэрыторый арганізацый, забяспечваючых абароназдатнасць,бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасці насельніцтва.

Гэтым жа рашэннем прызнаецца страціўшым сілу папярэдняе рашэнне Круглянскага райвыканкама ад 9 ліпеня №10-18 “Аб вызначэнні месцаў у Круглянскім раёне, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”.

Новае рашэнне Круглянскага райвыканкама аб вызначэнні месцаў для правядзення пікетавання нашмат больш ліберальнае за папярэдняе, зараз у Круглым сапраўды ёсць незабароненыя людныя месцы, дзе можна арганізаваць збор подрісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Згодна ж рашэння ад 9 ліпеня, забаранялася ладзіць пікетаванне на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў Круглянскага райвыканкама, сельскіх выканаўчых камітэтаў, суда, пракуратуры і аддзела ўнутраных спраў Круглянскага РВК. Таксама забаранялася збіраць подпісы на адлегласці менш 50 метраў ад тэрыторый дзіцячых дашкольных устаноў і агульнаадукацыйных устаноў Круглянскага раёна, устаноў аховы здароўя Круглянскага раёна, на адлегласці менш за 50 метраў ад прахадных прадпрыемстваў і арганізацый Круглянскага раёна, на прыпынках грамадскага транспарта, скрыжаваннях, пешаходных пераходах. Фактычна пад забарону для правядзення пікетавання патраплялі ўсе найбольш людныя месцы ў невялікім гарадскім пасёлку.

На інтэрнэт-сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна” 12 ліпеня быў размешчаны матэрыял “Круглянскі райвыканкам вызначыў месцы, забароненыя для правядзення пікетавання: пад забарону патрапілі найбольш людныя”, дзе рашэнне Круглянскага райвыканкама падвяргалася абгрунтаванай крытыцы. Зараз рашэнне стала больш ліберальным.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары