Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Светлагорску зборшчыкаў подпісаў не падпусцяць да адміністрацыйных будынкаў бліжэй за 200 метраў

Пакуль не ўсе райвыканкамы Гомельскай вобласці надрукавалі рашэнні аб месцах, забароненых для пікетаў з мэтай збору подпісаў, хоць 17 ліпеня і апошні дзень, калі мясцовая «вертыкаль» павінна прыняць і абнародаваць такія рашэнні. Тыя ж рашэнні, якія прынятыя і размешчаныя на сайтах райвыканкамаў, адлюстроўваюць прыкладна агульную карціну: пікетаваць нельга на адлегласць менш за 50 метраў ад будынкаў райвыканкама, сельскіх выканаўчых камітэтаў, суда, пракуратуры, РАУС, раённага ваеннага камісарыята, іншых адміністрацыйных будынкаў. Забаронена пікетаванне на адлегласці менш за 100 метраў ад раённых бальніц. Прынамсі, такія забароны ўведзены Лельчыцкім, Кармянскім, Веткаўскім, Добрушскім і Брагінскім райвыканкамамі. Адметна, што рашэнне Брагінскага райвыканкама на афіцыйным сайце называецца «праектам» і датаванае 9 ліпенем.

Адметнае рашэнне пра месцы, забароненыя для пікетаў па збору подпісаў, мае Светлагорскі райвыканкам. Згодна рашэнню, нельга праводзіць пікеты з мэтай збору подпісаў на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў райвыканкаму, міліцыі, пракуратуры. Нельга набліжацца на адлегласць менш за 50 метраў тым, хто збірае подпісы шляхам пікету, да сельскіх выканкамаў, суда, будынкаў і тэрыторый розных арганізацый, якія «забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва».


Каментары