Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Зборшчыкі подпісаў на Віцебшчыне будуць лічыць метры і вызначаць межы "тэрыторый" каля асобных будынкаў

У Глыбокім нельга збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары бліжэй як за 50 метраў ад устаноў і арганізацый. У іншых райцэнтрах – бліжэй чым за 20. У асобных рэгіёнах адлегласці не вызначалі, аднак увялі куды больш жорсткія абмежаванні.

Бальшыня афіцыйных сайтаў Віцебшчыны ўжо апублікавалі ўмовы правядзення пікетаў дзеля збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары. Выканкамы мусілі вызначыцца з месцамі для арганізацыі пікетаў да 17 ліпеня. Але 16 ліпеня па стане на 16.00 звестак пра абмежаванні для збіральнікаў подпісаў няма на сайтах Верхнядзвінскага, Аршанскага, Пастаўскага і Сенненскага райвыканкамаў.

Што да іншых райвыканкамаў, то яны сфармулявалі абмежаванні для збору подпісаў неаднастайна. У Глыбокім, падобна, скарысталіся нарматывам мінулых выбараў – абвясцілі, што подпісы за выручэнне кандыдатаў нельга збіраць бліжэй як за 50 метраў да некаторых прадпрыемстваў і устаноў.

У іншых рэгіёнах нельга набліжацца да асобных аб'ектаў толькі на 20 метраў. Але ў Докшыцкім і Бешанковіцкім раёнах, прыкладам, да такіх аб'ектаў адносяцца толькі райвыканкам, суд, пракуратура і міліцыя. А ва Ўшацкім раёне да гэтых устаноў улады дадалі яшчэ мясцовы аддзел МНС, ваенкамат, сельскія выканаўчыя камітэты, дзіцячыя ўстановы і ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, аб'екты цепла- і водазабеспячэння, прадпрыемства электрачетак, аўтастанцыю, музей, цэнтр культуры і народнай творчасці, мемарыяльны комплекс "Прарыў" і шэраг іншых. Падобны спіс, за выключэннем хіьа што музеяў і помнікаў, склалі ў Лёзне, Лепелі, Шаркаўшчыне і Шуміліне.

Міёрскі райвыканкам вырашыў адлегласці не вымяраць, і проста пералічыць, будынкі, на тэрыторыі якіх подпісы збіраць забаронена. Як вымяраецца абмяжоўваецца канкрэтная тэрыторыя, ніяк не тлумачыцца.

Самы складаны пералік зрабілі ў Талачыне: спіс устаноў і арганізацый, вакол якіх нельга ладзіць пікеты па зборы подпісаў, займае паўтары старонкі. Пералік падрабязны, з некалькіх параграфаў і пунктаў. Да прыкладу, напісана, што нельга збіраць подпісы "на аб'ектах чыгуначнага транспарту", куды ўваходзяць і вакзал, і платформы, і склады, і "рэйкі станцый і перагонаў па верху зямлянога палатна рэек", т "пад'яздныя шляхі агульнага карыстання". Да некаторых аб'ектыў пікетоўцам давядзецца адмяраць 50 метраў, да некаторых – 20, а да культавых аб'ектаў – усе 100.

Вядома ж, такія складанасці значна абцяжараць працу збіральнікаў подпісаў, якім давядзецца браць з сабой не толькі рулетку, але і спіс аб'ектаў, каб не пераблытаць і дакладна падлічыць адлегласці.

У вялікіх гарадах вобласці ўмовы для збіральнікаў подпісаў няроўныя: у Полацкі і Наваполацку давядзецца адлічыць 20 метраў ад выканкамаў, судоў, пракуратуры і міліцыі. Віцебскі гарвыканкам таксама забараніў збіраць подпісы бліжэй чым за 20 метраў ад выканкамаў, судоў, пракуратуры і райаддзелаў міліцыі, а таксама на плошчы Перамогі і на ніяк не вызначаных "тэрыторыях" установаў аховы здароўя.


Каментары