У медыйнай прасторы Салігоршчыны перадвыбарчае зацішша
Салігорскія праваабаронцы кажуць пра перадвыбарчае зацішша ў медыйнай прасторы рэгіёна. Маніторынг сродкаў масавай інфармацыі Салігоршчыны ў другім квартале засведчыў фактычнае ігнараванне тэмы набліжаючыхся прэзідэнцкіх выбараў усімі рэгіянальнымі СМІ.
З’яўленне яшчэ ўвесну інфармацыі аб правядзенні гэтай восенню галоўнай палітычнай кампаніі краіны практычна ніяк не паўплывала на інфармацыйную палітыку мясцовых сродкаў масавай інфармацыі. Актывізацыя патэнцыйных кандыдатаў, абмеркаванні выбарчай тэмы ў сацыяльных сетках і многіх агульнанацыянальных СМІ не знайшлі свайго адлюстравання ў матэрыялах рэгіянальных медыяў. Цікава, што падобную пазіцыю занялі не толькі дзяржаўныя і падкантрольныя ўладам прыватныя сродкі масавай інфармацыі, але і нешматлікія незалежныя інфармацыйныя рэсурсы.
Газета “Шахцёр”, сайт “Электронны Салігорск”, тэлеканал “СТК” і газета “Лідэр-Прэс” традыцыйна трымаюцца палітыкі самацэнзуры ці нават непрыхаванай дзяржпрапаганды. У паведамленнях гэтых СМІ цяжка знайсці не толькі паведамленняў перадвыбарчага характару, але і любую крытычную да ўладаў інфармацыю. Такія ж незалежныя рэсурсы рэгіёну як газета Інфа-Кур’ер, сайт САЛІГОРСК.org і “Салігорск Інфа”, хоць практычна і не закраналі выбарчую тэму, але актыўна пісалі пра сацыяльныя і важныя для мясцовай грамадскасці праблемы. З прыемнасцю можна адзначыць, што далёка не апошняе месца ў інфармацыйнай палітыцы гэтых незалежных рэсурсаў займала тэма парушэння правоў чалавека.
Праваабаронцы адзначаюць, што не маючыя афіцыйнай рэгістрацыі рэсурсы “Салігорск Інфа” і САЛІГОРСК.org дазваляюць сабе найбольшую свабоду пры публікацыі матэрыялаў. Зрэшты, праз сур’ёзныя тэхнічыня праблемы з апошнім рэсурсам бадай адзінай стабільнай крыніцай незалежнай і нецэнзураванай інфармацыі ў рэгіёне на дадзены момант з’яўляецца сайт “Салігорск Інфа”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”