Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бялынічы: пакуль актыўнасць праяўляюць толькі прыхільнікі вылучэння Таццяны Караткевіч

У гарадскім пасёлку Бялынічы і на тэрыторыі Бялыніцкага раёна пакуль амаль нічога не нагадвае пра пачатак кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Мясцовая раённая газета “Зара над Друццю” ў сваіх ліпеньскіх нумарах змясціла толькі невялікі інфармацыйны артыкул па матэрыялах БелТА “Прэзідэнцкія выбары пройдуць 11 кастрычніка” і абвестку пра тое, што зараз адбываецца прыём дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ніякіх іншых матэрыялаў, прысвечаных пачатку выбарчай кампаніі ў краіне, на старонках газеты пакуль так і не з’явілася.

Інтэрнэт-сайт Бялыніцкага райвыканкама ў рубрыцы “Выбары-2015” дае тую ж абвестку пра вылучэнне прадстаўнікоў у склад Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі, матэрыялы ЦВК і пастанову Палаты прадстаўнікоў аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў. На вуліцах гарадскога пасёлка, аграгарадкоў і вёсак раёна пакуль не з’явілася ніякіх інфармацыйных плакатаў, якія б інфармавалі грамадзян пра маючыя адбыцца ў краіне прэзідэнцкія выбары.

Згодна інфармацыі мясцовых дэмакратычных актывістаў, раённыя ўлады ўжо сфармавалі спіс членаў ініцыятыўнай групы ў падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты РБ. Традыцыйна аснову спіса склалі члены РГА “Белая Русь”, супрацоўнікі бюджэтных арганізацый.

З прыхільнікаў вылучэння альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў Бялыніцкім раёне нейкую заўважную актыўнасць дэманструюць толькі прыхільнікі Таццяны Караткевіч. Па словах бялыніцкага грамадскага актывіста Алега Мяцеліцы, у склад яе ініцыятыўнай групы ў Бялыніцкім раёне запісалася ўжо каля трыццаці чалавек.

13 ліпеня Бялыніцкі раён наведала і сама Таццяна Караткевіч, якая пабывала тут у некалькіх маланаселеных вёсках, завітала ў гарадскі пасёлак, паразмаўляла з мясцовымі жыхарамі. Завітала Таццяна Караткевіч і ў Бялыніцкі райвыканкам, дзе ў яе адбылася сустрэча начальнікам аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірынай Фурсавай.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары