Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Новая перашкода для беларускіх назіральнікаў

На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах унутраным ці, як іх яшчэ называюць, нацыянальным назіральнікам упершыню спатрэбіцца абавязковая акрэдытацыя. Свабода паспрабавала высьветліць, чым гэта выклікана і як такое новаўвядзеньне паўплывае на працу беларускіх назіральнікаў.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сказаў Свабодзе, што ў 2013 годзе ў выбарчае заканадаўства ўнесьлі некалькі дапаўненьняў і зьмяненьняў. Адно зь іх як раз і тычыцца працы назіральнікаў:

 «Паводле ранейшага заканадаўства калі назіральнік сваім дзеяньнямі перашкаджаў працы выбарчай камісіі, старшыня камісіі мог выдаліць яго з участку. Але ўжо на наступны дзень ці празь дзень гэты чалавек мог зноў прыйсьці на гэты ж участак. І зноў ствараць нейкія перашкоды для працы камісіі альбо правакаваць камісію на якісьці канфлікт.

Раней акрэдытацыі ў нацыянальных назіральнікаў, накшталт абавязковай для замежных назіральнікаў, у нас не было. Цяпер яна будзе праводзіцца, як кажуць, у явачным парадку. Прыйшоў і падаў дакумэнты ад арганізацыі, альбо ад працоўнага калектыву, альбо ад грамадзян, якія вылучылі цябе назіральнікам. Адразу тваё прозьвішча заносяць у адпаведны журнал, і можаш працаваць. А калі ты парушыў правілы, перашкаджаеш працы камісіі, то пазбаўляесься акрэдытацыі. І больш цябе на гэтым участку да канца выбараў не акрэдытуюць».

«Гэтая навэла ўкладаецца ў агульны трэнд уладаў — на пагаршэньне магчымасьцяў для назіраньня за празрыстасьцю выбарчага працэсу», — упэўнены сустаршыня грамадзкай кампаніі «За сумленныя і справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:

 «Да гэтага я дадаў бы яшчэ прапанову спадара Рубінава (ранейшы старшыня Савету Рэспублікі) наагул абмежаваць колькасьць назіральнікаў. А ў сваёй сутнасьці гэтае новаўвядзеньне палягчае працу выбарчых камісіяў. І раней яны маглі выдаляць хоць штодня назіральнікаў, якія ім чымсьці не спадабаліся. Я прывяду канкрэтны прыклад. У 2012 годзе на апошніх парлямэнцкіх выбарах камісія выдаліла з памяшканьня назіральніка. Падстава — перашкаджаў ёй працаваць. А перашкаджаў тым, што ў назіральніка ў роце была гумовая жуйка. Гэта самадурства, зразумела.

І хачу прывесьці іншы прыклад. Ня так даўно, у верасьні, я быў назіральнікам на выбарах у Швэцыі. У заканадаўстве гэтай краіне пра назіральнікаў наагул нічога ня згадваецца. Але гэта не перашкаджала ні старшыні камісіі, ні яе чальцам садзіць мяне за стол, дазваляць адсочваць усе працэсы. Нават бюлетэні падлічваць. Калі няма чаго хаваць, то спадарыні Ярмошынай не было б чаго і непакоіцца».

Навацыя Цэнтравыбаркаму толькі ўскладніць дзейнасьць назіральнікаў — адзначае намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

 «Таму што назіральнікаў і так выдаляюць па абсалютна надуманых абставінах. Калі назіральнік падчас падліку галасоў хоча падысьці бліжэй да месца, дзе лічаць бюлетэні, каб пабачыць, як гэта робіцца, то былі выпадкі, калі на патрабаваньне камісіяў прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і сілай выдалялі назіральнікаў з участку. А матывацыя была звычайная — перашкаджае дзейнасьці камісіяў.

Таму я магу меркаваць, што ўлады скарыстаюць гэта дзеля пазбаўленьня акрэдытацыі некаторых назіральнікаў. І тыя больш ужо ня змогуць трапіць на ўчасткі і зноў весьці назіраньне. Таму гэта — нядобры крок».

Тым часам набліжаецца да свайго заканчэньня першы этап выбарчай кампаніі-2015. Не пазьней за 17 ліпеня патэнцыйныя кандыдаты на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах мусяць перадаць у ЦВК сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў. Той, хто праігнаруе гэтую працэдуру, ня зможа далей удзельнічаць у выбарах.


Каментары