Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Магілёўшчына: пачатак выбарчай кампаніі не выклікае вялікай цікавасці ў СМІ

Пачатак кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пакуль не выклікаў вялікай цікавасці ў дзяржаўных СМІ Магілёўскай вобласці.

Раённыя газеты Магілёўшчыны перадрукавалі інфармацыйныя матэрыялы БелТА з паведамленнем, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 кастрычніка і каментары старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб тым, што выбарчая кампанія павінна прайсці без узрушэнняў. Большасць раёнак таксама змясціла на сваіх старонках меркаванне намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктара Русака аб тым, што выбары прэзідэнта павінны з’явіцца аб’ядноўваючым фактарам, а не інструментам раскола грамадства.

Уласных матэрыялаў, прысвечаных маючым адбыцца 11 кастрычніка выбарам прэзідэнта РБ, абсалютная большасць раённых газет Магілёўшчыны на сваіх старонках пакуль не друкавалі.

На гэтым тыдні на большасці інтэрнэт-сайтаў райвыканкамаў Магілёўскай вобласці з’явіліся адмысловыя банеры, прысвечаныя выбарам прэзідэнта, пры пераходзе на якія можна знайсці інфармацыю аб выбарах з ЦВК, а таксама абвесткі аб прыёме дакументаў на вылучэнне прадстаўнікоў у склад раённых выбарчых камісій. Па стане на раніцу 9 ліпеня не з’явіўся такі адмысловы банер толькі на інтэрнэт-сайце Клімавіцкага райвыканкама. На гэтым сайце пакуль можна пабачыць толькі пастанову Палаты прадстаўнікоў НС РБ “Аб прызначэнні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

З раёнак паўночна-заходняй Магілёўшчыны толькі бялыніцкая “Зара над Друццю” 8 ліпеня надрукавала абвестку аб тым, што зараз адбываецца прыём дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шклоўская раённая газета “Ударны фронт” асноўную увагу надала святкаванню Купалля ў Александрыі, круглянская раёнка “Сельскае жыццё” – святкаванню Дню незалежнасці і падрыхтоўцы да восеньскіх “Дажынак”, а інфармацыі аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій -- няма.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары