Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Валянцін Стэфановіч: Шэсць прычын, па якіх немагчыма правесці дэмакратычныя, свабодныя і празрыстыя выбары ў Беларусі (частка 1)

30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вызначыла дату правядзення выбараў Прэзідэнта – 11 кастрычніка 2015 года. Такім чынам, у краіне распачалася чарговая прэзідэнцкая выбарчая кампанія, нязменным удзельнікам якой з 1994 года з’яўляецца дзеючы глава дзяржавы – Аляксандр Рыгоравіч Лукашенка.

Сёння мы публікуем першыя тры прычыны, па якіх, на думку намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, правядзенне дэмакратычных, свабодных і празрыстых выбараў у Беларусі немагчыма.

Мы чуем шматлікія заявы кіраўніцтва краіны аб намеры правесці гэтыя выбары “спакойна” і ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі ў галіне свабодных і дэмакратычных выбараў. Але ці магчыма такое ў сённяшняй Беларусі? Назіраючы за выбарамі ў краіне з канца 90-х, у тым ліку за прэзідэнцкімі выбарчымі кампаніямі 2001, 2006, 2010 гадоў, мне падаецца, што гэта малаверагодна па наступных прычынах.

Прычына першая. Адсутнасць канкурэнтнага палітычнага працэсу ў краіне.

У Беларусі ўжо даўно не існуе публічнага, канкурэнтнага палітычнага працэса. Пры такой палітычнай сістэме выбары ператварыліся ў набор адміністратыўных працэдур і ў рэальнасці не забяспечваюць рэалізацыю права грамадзян удзельнічаць у кіраванні сваёй краінай і права абіраць уладу. Нашыя выбары ўсё больш і больш набліжаюцца да савецкіх стандартаў выбараў, асноўнымі складнікамі якіх з’яўляецца загадзя вызначаны вынік і харошы буфет. Асабліва гэта заўважна пры правядзенні парламенцкіх і мясцовых выбараў, калі выбаршыкі, якіх “папрасілі” прыняць удзел у галасаванні па месцы працы ці вучобы, не могуць узгадаць прозвішчы кандыдатаў, за якіх яны аддалі свае галасы ўжо на наступны дзень пасля выбараў, і не ведаюць прозвішчаў пераможцаў на выбарах.

Прычына другая. Манапалізацыя СМІ.

Правядзенне дэмакратычных і свабодных выбараў прадугледжвае не толькі наяўнасць празрыстых выбарчых працэдур. Немагчыма правесці свабодныя выбары ў несвабодным грамадзстве, у грамадзстве, дзе няма месца для плюралізма і галоснасці, а палітычныя апаненты, у тым ліку якія прымалі ўдзел у выбарах, сядзяць у турмах.

Як ва ўмовах манапалізаваных дзеючай уладай СМІ можа з’явіцца реальная альтэрнатыва дзеючай уладзе? З’яўленне альтэрнатыўных дзеючаму главе дзяржавы кандыдатаў на тэлеэкранах у парачцы г.зв. перадвыбарчых тэледэбатаў (у запісу) ніякім чынам не ўплывае на агульную сітуацыю на фоне бязмежных інфармацыйных, адміністратыўных і фінансавых рэсурсаў, якімі валодае дзеючы прэзідэнт. Тут ніякія кандыдацкія фонды не дапамогуць. Хто будзе фінансаваць кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў у краіне з 80% дзяржаўнай эканомікі і не развітым, запалоханым прыватным бізнэсам? А што здарыцца з бізнэсоўцамі і іх бізнэсам, якія адкрыта наважацца фінансаваць такіх кандыдатаў (бо ананімныя ахвяраванні забароненыя), можна толькі здагадвацца.

Прычына трэцяя. Адсутнасць незалежных выбарчых камісій.

Не сакрэт, што выбары ў Беларусі праводзяцца не Цэнтральнай выбарчай камісіяй (ЦВК) і нават не яе старшынёй - Лідзіяй Міхайлаўнай Ярмошынай, а прэзідэнцкай вертыкаллю. Менавіта мясцовыя выканкамы, раённыя адміністрацыі, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, ВНУ і іх ідэёлагі з’яўляюцца асноўнымі арганізатарамі выбараў. Менавіта яны адказныя за фармаванне і склад выбарчых камісій усіх узроўняў, за забеспячэнне яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі, за забеспячэнне адпаведных вынікаў галасавання.

Фармаванне камісій па “вытворчаму” прынцыпу - з прадстаўнікоў аднаго і таго ж працоўнага калектыву - забяспечвае іх надзейнасць і кантроль. Апазіцыянерам там не месца. Таму ў камісіі трапляюць лічаныя асобы, вылучаныя ад апазіцыйных партый. Выканкамы вольныя самі вырашаць, каго ўключаць, а каго не. Тым больш, што крытэры для кандыдатаў у камісіі законам не вызначаныя. Так што і аспрэчыць, у такім разе, не ўключэнне ў камісіі немагчыма, у тым ліку і ў судзе. У выніку маем цалкам падкантрольныя мясцовай выканаўчай вертыкалі выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, у тым ліку участковыя, што непасрэдна і лічаць бюлетэні пасля заканчэння галасавання. Арганізатарамі выбараў (маюць найбольшае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях) традыцыйна выступаюць такія масавыя дзяржаўныя арганізацыі, як БРСМ, ФПБ, Саюз жанчын, РГА “Белая русь” і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.

Так было і так будзе. Гэта аснова нашага выбарчага працэсу.

Наступныя тры прычыны будуць раскрытыя ў другой часцы.

Сачыць за кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" можна на сайце - http://elections2015.spring96.org/be


Каментары