Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

З якімі складанасцямі сутыкаюцца назіральнікі падчас выбараў?

Праваабаронца Гары Паганяйла
Праваабаронца Гары Паганяйла

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйла распавядае пра адрозненні сёлятняй прэзідэнцкай кампаніі ад папярэдніх і асноўныя цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца назіральнікам.

 Прадстаўнікі РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і Праваабарончага цэнтра “Вясна” заявілі пра пачатак грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. У складзе кампаніі будуць працаваць 50 доўгатэрміновых назіральнікаў, размеркаваных па ўсёй тэрыторыі краіны. За правядзеннем галасавання на выбарчых участках з пачатку датэрміновага галасавання і да падліку галасоў будуць назіраць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў на 200 участках для галасавання, інфармуе spring96.org https://spring96.org/be/news/78117.

РР: На Ваш погляд, ці будзе гэтая кампанія для назіральнікаў нечым адрознівацца ад папярэдніх?

Гары Паганяйла: Думаю, асаблівых адрозненняў не будзе. Калі ж кампаніі і адрозніваюцца для назіральнікаў, то, хіба што, колькасцю нашых “штыкоў” па кароткатэрміноваму і доўгатэрміноваму назіранню. Ма ажыццяўляем маніторынг выбараў, пачынаючы з 1995 году, назіраем за ўсімі кампаніямі – прэзідэнцкімі выбарамі, парламенцкімі, мясцовымі. Па вялікім рахунку, метадалогія адная і тая ж – з дапамогай нашых шэраговых назіральнікаў выяўляем парушэнні дзеючага заканадаўства, міжнародных стандартаў у вобласці выбарчага права, як з боку ўладаў, так і з боку ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Адзначу, што мы праводзім незалежнае назіранне і да розных партыйных структур не маем ніякага дачынення.

РР: З якімі складанасцямі звычайна сутыкаюцца назіральнікі падчас выбараў?

Гары Паганяйла: Галоўная складанасць – гэта супрацьдзеянне мясцовых уладаў, участковых тэрытарыяльных камісій, якія перашкаджаюць назіральнікам нармальна працаваць. Што хочуць нашы людзі? Каб усё было адкрыта і галосна – больш нічога. Акрамя таго, адсутнічаюць і прававыя механізмы, якімі б назіральнікі маглі б скарыстацца. У прыватнасці – гэта абскарджванне ў судзе дзеянняў, звязаных з парушэннем выбарчага закону. Не трэба скідваць з рахунку і ўплыў сілавых структур на назіральнікаў, якіх, здараецца, прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці па надуманых абставінах. Такая практыка адпрацавана падчас папярэдніх кампаній. Сутыкаліся мы і з тым, калі падчас выбарчых кампаній блакаваліся сайты праваабарончых арганізацый рознымі незаконнымі тэхнічнымі прыёмамі. Адным словам, абсалютна свабоднага назірання мы пакуль яшчэ не бачылі ніводнага разу.

РР: Магчыма, зараз нешта зменіцца ў лепшы бок?

Гары Паганяйла: З боку ўлады гучалі заявы, што, маўляў, няхай усе назіральнікі спакойна робяць сваю справу падчас выбараў, але я скажу так: наводзіць бляск нашы чыноўнікі навучыліся. І тут трэба аддаць ім належнае. Але ж трэба разумець, што акрамя знешняй прыгажосці існуюць і ценявыя механізмы фальсіфікацый. Таму самае складанае пытанне выбараў: ці будуць іх вынікі рэальна адлюстроўваць карціну галасавання? І гэтая складанасць ускладаецца менавіта на назіральнікаў. Мы пастараемся правесці як мага большы маніторынг і ахапіць як мага больш тэрыторый.


Каментары