На Гродзеншчыне праваабаронцы распачалі назіранне
З абвяшчэннем прэзідэнцкіх выбараў на Гродзеншчыне стартавала праца незалежнай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Гродзенскія праваабаронцы зараз адсочваюць, якую падрыхтоўку вядуць штабы патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, вядуць маніторынг афіцыйных дзяржаўных крыніц інфармавання насельніцтва, плануюць патрапіць на паседжанні Гродзенскіх аблвыканкаму і гарвыканкаму і прэзідыумаў адпаведных саветаў, каб назіраць працэдуру фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій. Яны таксама рыхтуюць дакументы для рэгістрацыі назіральнікамі ў ТВК.
Гродзенскі праваабаронца Раман Юргель адзначае асаблівасці сёлетняй кампаніі: “Пачынаецца назіранне спакойна, ідзе пэўная знешняя лібералізацыя з боку ўладаў, якія зацікаўлены ў вонкавай “прыстойнасці”. Як пойдзе далей – прагназаваць цяжка. Адметнае ў гэтай выбарчай кампаніі тое, што людзі сталі больш пасіўнымі і апалітычнымі, пра палітыку ўвогуле мала хто думае, у грамадстве становішча “стабільна спакойнае”. Ужо фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій пакажа, наколькі выбарчы працэс адкрыты і празрысты”.