Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Заява з нагоды пачатку кампаніі па маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вызначыла дату правядзення чарговых выбараў Прэзідэнта – 11 кастрычніка 2015 года. Паводле арт. 81 Канстытуцыі Беларусі, Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў  непасрэдна народам на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні.

Выбары Прэзідэнта з’яўляюцца значнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці краіны і выклікаюць вялікую цікавасць з боку суб’ектаў палітычнага працэсу, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і грамадзян Беларусі. Таксама выбары кіраўніка дзяржавы заўсёды з’яўляюцца значным экзаменам па дэмакратыі для уладаў і грамадства Беларусі, уплываюць на імідж нашай краіны ў свеце.

Улічваючы важнасць выбараў Прэзідэнта, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый -- Беларускага Хельсінкскага камітэта і Правабарончага цэнтра “Вясна”, пачынаем грамадскую кампанію “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Мэтай кампаніі з’яўляецца правядзенне назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу і забеспячэння правоў чалавека падчас яго правядзення з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і высновах праведзенага маніторынгу.

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта ў межах кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” будзе ажыццяўляцца сіламі сябраў нашых арганізацый у строгай адпаведнасці з дзеючым нацыянальным заканадаўствам.

Доўгатэрміновае назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу і грамадска-палітычнай сітуацыяй будзе ажыццяўляцца 50 доўгатэрміновымі назіральнікамі, якія размеркаваны па ўсёй тэрыторыі краіны. Доўгатэрміновыя назіральнікі будуць акрэдытаваны ў тэрытарыяльных камісіях па правядзенні выбараў Прэзідэнта (раённых, гарадскіх, абласных і Мінскай гарадской).

За правядзеннем галасавання на выбарчых участках з пачатку датэрміновага галасавання і да падліку галасоў будуць назіраць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў на 200 участках для галасавання па ўсё тэрыторыі краіны.

Кампанія “Правабаронцы за свабодныя выбары” з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Мы не ставім мэты падтрымкі палітычных партый, а таксама якіх-небудзь палітычных дзеячоў, у тым ліку тых, хто заявіў пра свой намер удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Увесь выбарчы працэс будзе ацэньвацца намі максімальна непрадузята, сыходзячы выключна з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ нашай краіны можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай і выбар кіраўніка дзяржавы.

Мінск, 1 ліпеня 2015 г.


Каментары