Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Камуністы падтрымаюць на выбарах Лукашэнку і збіраюцца «актыўна супрацьстаяць апазіцыі»

Камуністычная партыя Беларусі лічыць адзіным правільным рашэннем адмову ад вылучэння ўласнага кандыдата і падтрыманне дзейнага кіраўніка. Камуністы маюць намер не толькі браць актыўны ўдзел ва ўсіх этапах электаральнай кампаніі, збіраць подпісы за Лукашэнку і назіраць за выбарамі, але і займацца «выкрыццём задум апазіцыі».

«Выбарчы працэс неабходна выкарыстоўваць для згуртавання і папаўнення радоў партыі, для асветы працоўных ува ўсіх кірунках палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця на аснове марксісцка-ленінскай метадалогіі, практыкі сацыялістычнага будаўніцтва», – сказаў першы сакратар ЦК КПБ Ігар Карпенка. Пры гэтым ён нагадаў, што, з пункту гледжання камуністаў, «у міжнароднага капіталу ёсць велізарны арсенал ідэалагічных і інфармацыйных сродкаў і спосабаў масіраванага ўздзеяння на грамадскую свядомасць з мэтай палітычнага маніпулявання масамі».

«З улікам наяўнага становішча наша партыя павінная разгарнуць сістэму контрпрапагандысцкіх захадаў у дачыненні «апазіцыйных кандыдатаў», іхных агітатараў і давераных асобаў на ўсіх этапах выбарчай кампаніі. Беларускія выбарнікі мусяць добра ведаць, куды клічуць народ палітычныя дыназаўры, выгадаваныя ДзярждэпамЗША яшчэ з часоў гарбачоўскай перабудовы», – заявіў галоўны камуніст краіны, які працуе намеснікам старшыні Менгарвыканкаму.

«Неабходна сістэмна і папулярна даносіць да грамадзян сапраўдныя мэты, якія ставіць «пятая калона» ў адпаведнасці з планамі ЦРУ для ператварэння Беларусі ў Самалі, Лівію, Ірак, Афганістан або Украіну», – лічыць Карпенка.

Паводле яго, камуністы маюць намер «мабілізаваць усе наяўныя рэсурсы і не дапусціць спробаў правядзення дэструктыўнымі сіламі апазіцыі не санкцыянаваных упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі пікетаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў ды іншых мерапрыемстваў пасля закрыцця выбарчых участкаў».

Чакаецца, што дату прэзідэнцкіх выбараў вызначаць на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 30 чэрвеня. Цэнтрвыбаркам з ініцыятывы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай прапанаваў правесці выбары 11 кастрычніка. Раней магчымай датай правядзення галасавання называлася 15 лістапада.


Каментары