Брэст: пачалася падрыхтоўка актывістаў, што маюць намер быць назіральнікамі падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі
Нягледзячы на тое, што выбары прэзідэнта ў Беларусі павінны прайсці не пазней за лістапад 2015 года, арганізацыйная праца сярод тых, хто збіраецца браць удзел у гэтай кампаніі ў якасці назіральнікаў, ужо стартавала.
Паводле брэсцкіх прадстаўнікаў кааліцыі “Талака”, якая аб’ядноўвае сябраў шэрагу палітычных партый і грамадскіх арганізацый, зараз ідзе фармаванне каманды трэнераў і саміх назіральнікаў. Агулам у паўднёва-заходнім рэгіёне Беларусі ў асноўны дзень галасавання плануецца задзейнічаць каля сотні актывістаў, а некаторыя з іх будуць назіраць і за хадой датэрміновага галасавання на выбарчых участках.
Пры гэтым прадстаўнікі кааліцыі кажуць, што ў іх мала спадзяванняў на тое, што выбары пройдуць адкрыта, празрыста і ў адпаведнасці з дэмакратычнымі нормамі, аднак праца назіральнікаў дазваляе збіраць факты і адсочваць механізм фальсіфікацый народнага волевыяўлення на ўзроўні ўчастковых выбарчых камісій.