Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Брэст: міліцыя адмовілася распачынаць крымінальную справу па замененых бюлетэнях

Актывісты Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка атрымалі адказ наконт міліцэйскай праверкі, што адбывалася на падставе заяў, датычных здарэнняў падчас датэрміновага галасавання.

Нагадаем, што актывісты правялі эксперымент на выбарчых участках №60 і №53 Маскоўскага раёна горада Брэста, калі прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, але замест атрыманых бюлетэняў (іх яны забралі с сабой) апусцілі ў скрыню чыстыя лісты паперы. Па такім жа сцэнары дзейнічалі яшчэ некалькі чалавек, і ў выніку ў Дзяніса Турчаняка аказаліся 4 бюлетэні з участку №60, а ў Сяргея Вакуленкі - 2 бюлетэні з участку №53.

“Паводле логікі ўчастковыя камісіі пры падліку галасоў павінны былі выявіць нястачу бюлетэняў, якія знаходзіліся ў мяне і Вакуленкі, але гэтага не адбылося, - распавядае Турчаняк. – У выніковым пратаколе была пазначана такая колькасць бюлетэняў, быццам ніхто іх не выносіў. Я падазраю, што кінутыя намі лісты паперы былі заменены на фальшывыя бюлетэні, якія дадалі галасы каму-небудзь з кандыдатаў”.

Дзяніс Турчаняк абурае і тое, што пасля азнаямлення з матэрыяламі міліцэйскай праверкі сярод дакументаў не было арыгінальных бюлетэняў, якія актывісты перадалі ўчастковаму інспектару. “Гэтыя бюлетэні з'яўляюцца важным доказам, але на дадзены момант невядома, дзе яны знаходзяцца. Не хочацца думаць, што ў міліцэйскіх памяшканнях бюлетэні хтосьці незаконна выкраў і знішчыў. Мы просім пракурора горада правесці праверку паводле гэтага фактагэтага факту”, - кажа Турчаняк.

Актывісты просяць пракурора адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, бо лічаць, што міліцыя правяла праверку не ў поўным аб'ёме. У скарзе яны звярнулі ўвагу на тое, што не былі апытаныя супрацоўнікі міліцыі, якія кругласутачна дзяжурылі на згаданых выбарчых участках. Таксама не далучаны да матэрыялаў праверкі і не прааналізаваны пратаколы аб выніках галасавання; не зроблена ніякіх дзеянняў, накіраваных на выяўленне падробленых бюлетэняў, якімі былі заменены ўкінуты лісты паперы.


Каментары