Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Пракуратура Акцябрскага раёна не бачыць парушэння заканадаўства ў разыходжанні дадзеных ЦВК і пратаколаў УВК

Пракуратура Акцябрскага раёна (Гомельская вобласць) дала адказ на скаргу Андрэя Павука, які назіраў выбарамі на ўчастку №2 у г.п. Акцябрскі. Назіральнік, абураны істотным разыходжаннем лічбаў у афіцыйных пратаколах УВК і тых, якія дала ЦВК, прасіў раённую пракуратуру (а таксама абласную і Генеральную) правесці праверку вынікаў галасавання па кожным з участкаў для галасавання ў Акцябрскім раёне, а гэтак жа працу членаў раённай камісіі па выбарах з мэтай выяўлення парушэнняў, якія могуць падпадаць пад арт.192 КК РБ.

Таксама заяўнік прасіў прыцягнуць вінаватых у фальсіфікацыях асоб да адказнасці.

Раённая пракуратура дала сціслы адказ: ваша скарга не разгледжана па сутнасці, таму што тэрмін падачы скаргаў – дзесяць дзён, і вы спазніліся. «Улада адчувае сябе вельмі прывольна і беспакарана. Яны нават не пераймаюцца пераканаўчасцю паказухі», - пракаментаваў назіральнік.

Па галасаванні на ўчастку №2 Акцябрскага сітуацыя склалася такім чынам (па афіцыйнаму пратаколу участковай камісіі): 21 голас – за Гадйдукевіча, 226 – за Караткевіч, 707 – за Лукашэнку, 28 – за Улаховіча і 63 – супраць усіх. Гэта – на адным толькі ўчастку.

У той жа час на сайце ЦВК змешчана інфармацыя, што ўсяго ў Акцябрскім раёне за кандыдата Караткевіч аддадзена 94 галасы, а «супраць усіх кандыдатаў» прагаласавала 39 выбаршчыкаў. Тады як насамрэч толькі на ўчастку для галасавання №2 Акцябрскага раёна старшынёй камісіі было абвешчана 226 галасоў, пададзеных за кандыдата Караткевіч і 63 галасы «супраць усіх кандыдатаў». Усяго ў раёне быў 21 участак для галасавання.

Разам з тым -пракуратура – орган, які павінен сачыць за выкананнем заканадаўства, заплюшчыла вочы на істотныя парушэнні Крымінальнага кодэксу.

Сітуацыя з падобным «кардэбалетам» лічбаў склалася не толькі ў Акцябрскім.

Гомельскі каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Уладзімір Кацора выказаўся, што назіральнікі на апошніх выбарах – не статысты, а сведкі крымінальнага злачынства, і некалі нехта адкажа па законе за лічбы, узятыя проста са столі.

У Жлобіне назіранне кампаніі «За справядлівыя выбары» ў асноўны дзень галасавання ішло на васьмі ўчастках. На васьмі ўчастках, па дадзеных назіральнікаў, якія яны ўзялі з афіцыйных пратаколаў УВК, за Таццяну Караткевіч прагаласавалі 1879 чалавек. А па ўсяму Жлобінскаму раёну – на 70-ці ўчастках – 2596 – гэта па дадзеных ЦВК.

У Жлобіне назіральнікаў нават дапусцілі да падліку галасоў, і на тых участках, дзе былі незалежныя назіральнікі, яўка была каля 70%, а за дзейснага прэзідэнта прагаласавалі каля 60%, за Таццяну Караткевіч – ад 12 да 27%.

У Рагачове наогул ад выніковых лічбаў ЦВК назіральнікі засталіся ў ціхім шоку. На сямі ўчастках назіральнікі зафіксавалі выніковыя пратаколы, дзе ў агульнай колькасці за Таццяну Караткевіч прагаласавалі 1484 чалавекі (нагадаем – гэта толькі на сямі ўчастках). А ЦВК падаў лічбу – па ўсяму Рагачоўскаму раёну такую: 916 галасоў выбаршчыкаў за Таццяну Караткевіч.

«Думаю, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нават не раілася з раённымі ўладамі – напісала лічбы такія, якія палічыла патрэбным. Гэта беспакаранасць, нахабства, яна ж яшчэ падстаўляе і мясцовых чыноўнікаў, якія засталіся ў дурнях. Сістэма пайшла ў разнос, і на розных узроўнях пачаўся збой. Улады насадзілі на ўчастках на кожнага незалежнага назіральніка па 5-10 сваіх – з БРСМ, «Белай Русі» і так далей. І калі іх паклічуць, яны скажуць – выдумка тыя лічбы, усё прайшло нармальна і гладка», - дадаў Уладзімір Кацора.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары