Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Рэакцыя ЦВК на дакументы, якія даказваюць фальсіфікацыю: “устанавіць недакладнасць звестак не ўяўляецца магчымым” (дакументы)

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына
Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына

   Незалежны назіральнік са Смаргоні Алесь Дзергачоў атрымаў адказ на свой зварот у ЦВК. Дзергачоў накіраваў фотакопіі дакументаў, якія ўкаказвалі на неадпаведнасць паміж агульнымі афіцыйнымі дадзенымі ЦВК і дадзенымі ў пратаколах на некалькіх участках па Смаргонскім раёне за кандыдатку Таццяну Караткевіч. Афіцыйныя дадзеныя на сайце ЦВК апынуліся істотна заніжанымі: толькі на 8 участках, дзе вёўся маніторынг, паводле афіцыйных пратаколаў участковых камісій за Караткевіч прагаласавала агулам 1870 чалавек. На сайце ж ЦВК такіх галасоў налічана толькі 887 па ўсіх 40 участках Смаргонскага раёна.

   ЦВК на зварот Дзергачова даслала няўцямны адказ не па-сутнасці заявы. У канцы афіцыйнага адказу сказана: “З інфармацыі, якая змяшчаецца ў Вашым звароце, і фрагментаў светакопій пратаколаў, прыкладзеных да яго, не ўяўляецца магчымым устанавіць недакладнасць названых звестак”.

   Такім чынам Цэнтральная камсія па-сутнасці адмовілася разбірацца ў відавочнай фальсіфікацыі падліку галасоў у Смаргонскім раёне. У такой сітуацыі Алесь Дзергачоў накіраваў у ЦВК яшчэ адну заяву, у якой гаворыцца:

   “Па маіх звестках, пры разглядзе ў ЦВК скаргі на вынікі выбараў кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч камісія выказала сумнеў у сапраўднасці прадстаўленай мной інфармацыі, бо я прыклаў да заявы фота выніковых пратаколаў падліку галасоў толькі двух выбарчых камісій (№2 і 4), адзін з якіх дрэнна чытаецца. А таму не атрымліваецца перавышэнне выніковай лічбы па раёне (887).

   З гэтай нагоды хачу выказаць наступнае. Складваецца ўражанне, што камісія да разгляду скаргі Караткевіч мела недастаткова паўнамоцтваў, каб аператыўна запатрабаваць са Смаргоні выніковыя пратаколы падліку галасоў двух названых камісій і спраўдзіць адлюстраваныя там лічбы, ці хаця б патэлефанаваць у Смаргонь у раённую камісію і для пачатку ўдакладніць адпаведнасць названых мной лічбаў і заявіць, напрыклад, прадстаўніку кандыдата Караткевіч, што мае лічбы, вобразна кажучы, узяты са столі. Вы гэта не зрабілі.
   Добра, улічваючы ўмоўную бездапаможнасць камісіі, прадстаўляю доказы таго, што нават на чатырох участках перавышаецца лічба галасоў за Караткевіч у Смаргонскім раёне, адлюстраваная на сайце ЦВК (887). Гэта фота копій выніковых пратаколаў падліку галасоў камісіямі №12 (95 галасоў за Караткевіч) і №5 (292). У кадр пратакола камісіі №12 не патрапіў яе нумар. Але ён вызначаецца складам камісіі, прыведзенай на другой старонцы пратакола.

   Такім чынам, разам з вынікамі камісій №2 (278) і №4 (260) выходзім на лічбу 925. А калі дадасце да гэтых лічбаў тое, што налічана на іншых участках Смаргонскага раёна, то выйдзеце на жахлівую лічбу фальсіфікацыі. Вам застаецца высветліць, зроблена гэта ва ўчастковых камісіях шляхам складання новых пратаколаў, альтэрнатыўных вывешаным для ўсеагульнага азнаямлення, ці нейкім чынам вышэйстаячымі камісіямі”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары