Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Выбары на Магілёўшчыне: датэрміновае галасаванне зашкальвае, маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў і выбарчымі бюлетэнямі, непразрысты падлік галасоў

Незалежныя назіральнікі з Магілёўскай вобласці падзяліліся сваім ўражаннямі ад арганізацыі выбарчага працэса на ўчастках і ў камісіях, дзе яны ажыццяўлялі назіранне.

Глуск: назіральнікі маглі бачыць толькі спіны членаў камісіі

Грамадскі актывіст з Глуска Ігар Кірын удзельнічае ў назіранні за выбарамі розных узроўняў з далёкага 1994 года, аднак шмат што ў дзеяннях участковых і раённай выбарчай камісій падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ўразіла і яго. У гэтым годзе Ігар Кірын быў зарэгістраваны ў якасці назіральніка ў Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ і на Глускім участку для галасавання №2.

Ігар Кірын кажа, што з кожнымі выбарамі ў Глускім раёне ён назірае адну і тую ж тэндэнцыю – людзей усё больш і больш пад прымусам накіроўваюць на датэрміновае галасаванне, улада робіць на яго стаўку. Напрыклад, калі ў 2010 годзе на прэзідэнцкіх выбарах у Глускім раёне прагаласавала датэрмінова 3411 чалавек, то ў 2015 годзе такіх выбаршчыкаў было ўжо 3986, і гэта пры тым, што ў 2015 годзе агульная колькасць выбаршчыкаў у Глускім раёне скарацілася ў параўнанні з 2010 годам больш чым на паўтары тысячы чалавек (агульная колькасць выбаршчыкаў Глускім раёне ў 2015 годзе склала 10181 чалавек, у 2010 годзе - 11739 чалавек). Людзей накіроўвала галасаваць датэрмінова кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый, дзе яны працуюць.

Вельмі здзівіла Ігара Кірына і тое, наколькі няякасна былі складзены спісы выбаршчыкаў на Глускім выбарчым участку №2, дзе ён ажыццяўляў назіранне: “Я ўласнымі вачамі бачыў, як кожны дзень з 6 па 11 кастрычніка члены ўчастковай камісіі дадавалі ў спісы прозвішчы выбаршчыкаў, якія прыходзілі галасаваць і не знаходзілі сябе ў спісах. Гэта былі ў асноўным маладыя людзі з новых дамоў, пабудаваных напрыканцы вуліцы Кірава ў Глуску нядаўна – вул. Кірава, 100 і іншыя. Кожны дзень чалавек па 10. Гэта тое, што я бачыў сам. А многія такія выпадкі засталіся неўлічанымі, таму што дрэнна бало бачна за спінамі падыходзячых да стала выбаршчыкаў, асабліва, калі ішло шмат людзей.

А ў іх як было ў спісах 1513 выбаршчыкаў, так і засталося, хоць гэта лічба павінна была павялічыцца”.

У галасаванні на даму на Глускім выбарчым участку №2 прыняло больш за сто выбаршчыкаў. Між тым, па словах Ігара Кірына, першапачаткова ў спіс для галасавання на даму было ўнесена толькі крыху больш за трыццаць чалавек. Назіральнік кажа, што ў пэўны момант старшыня камісіі сказаў яе членам выпісаць са спісаў прозвішчы ўсіх пажылых людзей, і пасля яны пайшлі абыходзіць гэтых выбаршчыкаў.

Ігар Кірын адзначае, што вельмі непразрыстай была і працэдура падліку галасоў на Глускім выбарчым участку №2. Назіральнікі знаходзіліся на вялікай адлегласці ад стала, на якім падлічваліся выбарчыя бюлютэні, і маглі бачыць толькі спіны членаў камісіі. Хоць галасы выбаршчыкаў, прагаласаваўшых датэрмінова, прагаласаваўшых на даму і прыйшоўшых на выбарчы ўчастак у дзень галасавання і падлічваліся асобна, але старшыня камісіі так і не агучыў лічбу, колькі ж чалавек прагаласавала за Таццяну Караткевіч у дзень выбараў на выбарчым участку.

12 кастрычніка да абеда Ігар Кірын абыйшоў некалькі ўчасткаў для галасавання ў Глуску, каб убачыць вывешаныя там пратаколы галасавання. Аднак гэтага зрабіць ён так і не здолеў – паўсюдна пратаколы ўжо прыбралі, хоць пасля папярэдніх выбараў яны звычайна віселі па некалькі дзён. Ігар Кірын кажа, што ў яго з’явілася адчуванне, што ўлады так хутка “схавалі” пратаколы, бо самі саромеюцца той лічбы ўсенароднай падтрымкі ўсенародна абранага кіраўніка краіны, якую “выказалі” яму ў Глуску…

Згодна інфармацыі ЦВК, у Глускім раёне ўдзел у галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах прынялі 97,1% выбаршчыкаў, з іх 89,2% прагаласавалі за дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнка.

Назіральніца з Крычава: “На душы застаўся вельмі кепскі асадак”

Грамадскі актывіст з Крычава Сяргей Няроўны таксама ўжо шмат разоў працаваў у якасці назіральніка на выбарах розных узроўняў у Беларусі. На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ён быў назіральнікам у Крычаўскай раённай выбарчай камісіі і на Сожавым выбарчым участку №5 у Крычаве, а таксама каардынаваў дзейнасць іншых незалежных назіральнікаў у гэтым горадзе.

Па словах Сяргея Няроўнага, прымус да датэрміновага галасавання меў месца практычна ва ўсіх арганізацыях і прадпрыемствах Крычава, шмат людзей пра гэта яму распавядалі асабіста, і чаму ўлады гэта рабілі, можна толькі здагадвацца. Прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемстваў і чыноўнікі з Крычаўскага райвыканкама наведвалі выбарчыя ўчасткі і правяралі спісы прагаласаваўшых датэрмінова. Сяргей Няроўны адзначае, што ў Крычаве ў апошні дзень датэрміновага галасавання 10 кастрычніка на Сожавым выбарчым участку №4 незалежныя назіральнікі налічылі на 101 прагаласаваўшага менш, чым гэта было зафіксавана ў пратаколе ўчастковай выбарчай камісіі. На Вакзальным участку №8 незалежная назіральніца Надзея Іванова налічыла на 25 прагаласаваўшых менш, чым гэта зафіксавалі члены ўчастковай выбарчай камісіі, хоць падчас галасавання назіральніца ні на хвіліну не пакідала выбарчы ўчастак.

Назіральнік кажа, што падчас галасавання на Сожавым выбарчым участку №5 11 кастрычніка ён звяртаўся да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Уладзіміра Мядзведзева з пытаннем, колькі выбаршчыкаў на ўчастку жадае прагаласаваць на даму, аднак адпаведную інфармацыю старшыня яму прадстаўляць адмовіўся, сказаўшы, што агалошванне гэтай інфармацыі “не прадугледжана законам”.

Вельмі непразрыстай была і працэдура падліку галасоў на Сожавым выбарчым участку №5 – назіральнікі знаходзіліся на адлегласці каля 10 метраў ад стала, дзе лічылі выбарчыя бюлютэні, і маглі бачыць толькі спіны і азадкі членаў камісіі, не было бачна нават стосаў бюлютэней, пададзеных за кандыдатаў. Члены камісіі на Сожавым выбарчым участку №5 спачатку падлічылі галасы ў скрыні датэрміновага галасавання, пазней у скрыні для галасавання на выбарчым участку 11 кастрычніка, а ўжо пасля ў скрыні галасавання на даму. Вынікі галасавання па кожнай скрыні былі агалошаныя толькі пасля канчатковага падліку галасоў.

Незалежная назіральніца на Вакзальным №8 участку галасавання ў Крычаве Надзея Іванова кажа, што яна да гэтага не можа адыйсці ад тых уражанняў, якія яна атрымала падчас ажыццяўлення назірання на гэтым выбарчым участку, на душы застаўся вельмі кепскі асадак.

Па словах назіральніцы, на яе выбарчым участку людзей проста гналі на датэрміновае галасаванне. Надзея Іванова адзначае, што ёй асабіста некалькі працаўнікоў ААТ “Крычаўцаменташыфера” пасля ўдзелу ў датэрміновым галасаванні казалі, што прагаласаваць датэрмінова іх прымусіла кіраўніцтва прадпрыемства. Пра гэта ж расказвалі супрацоўнікі шэрагу бюджэтных арганізацый, іншых прадпрыемстваў. Надзея Іванова ўзгадвае, што 7 кастрычніка менавіта на Вакзальным участку №8 адбыўся наогул анекдатычны выпадак, калі працаўнік аднаго з прадпрыемстваў прыйшоў на ўчастак і прасіў у членаў камісіі бюлютэнь для галасавання, каб ён змог прагаласаваць, бо яго начальнік хвалюецца. Калі ж члены камісіі адмовіліся выдаваць выбарчы бюлютэнь, бо ў грамадзяніна не было пашпарта, а за развіццём падзей назірала незалежная назіральніца, то грамадзянін пачаў прасіць, каб члены камісіі патэлефанавалі яго кіраўніку і паведамілі, што ён сапраўды прыходзіў прагаласаваць.

Таксама назіральніца адзначае, што падчас датэрміновага назірання яна фіксавала выпадкі, калі адна і тая ж жанчына на яе выбарчым участку прагаласавала ў розныя дні двойчы, а таксама выпадкі завышэння колькасці прагаласаваўшых выбаршчыкаў.

Надзея Іванова кажа, што вельмі непразрыстай была на Вакзальным участку для галасавання №8 і працэдура падліку галасоў. Назіральнікі знаходзіліся на адлегласці каля 20 метраў ад стала, дзе члены камісіі падлічвалі выбарчыя бюлютэні і маглі бачыць “толькі іх спіны і азадкі”.

Згодна інфармацыі ЦВК, удзел у галасаванні ў Крычаўскім раёне прынялі 95,6% выбаршчыкаў, з іх 89,95% прагаласавала за кандыдата ў прэзідэнты РБ Аляксандра Лукашэнка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары