Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Назіральнікі з Брэста: “Фактычна падліку галасоў не было”

Галоўная прэтэнзія, якая не дазваляе асобам, што сачылі за хадой галасавання ў якасці назіральнікаў, лічыць гэтыя выбары адкрытымі і празрыстымі, тычыцца працэдуры падліку галасоў.

Яшчэ падчас пачатку датэрміновага галасавання шмат хто з назіральнікаў звяртаўся да выбарчых камісій з прапановамі забяспечыць магчымасць адкрытага падліку галасоў, каб гэтую працэдуру маглі бачыць назіральнікі. Аднак станоўчай рэакцыі ад прадстаўнікоў выбаркамаў не было. Напрыклад, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №2 у Брэсце Алена Шабуня палічыла немэтазгодным разглядаць такую прапанову на паседжанні выбаркаму, спаслаўшыся на то, што на такіх паседжаннях нібыта разглядаюцца толькі скаргі на рашэнне камісіі.

У выніку, як адзначыла назіральнік Святлана Алясюк, у Брэсце было пададзена тры заявы ў пракуратуру, якія тычацца менавіта закрытай працэдуры падліку галасоў. У сваіх скаргах назіральнікі дадаюць прыклады, калі месцы для назірання знаходзіліся за 5 і болей метраў ад стала, дзе адбываўся падлік выбарчых бюлетэняў.

Незалежны назіральнік Ірына Сіняпкіна таксама звярнула ўвагу на тое, што на выбарчым участку №18 у Брэсце камісія прыняла рашэнне лічыць сапсаваныя бюлетэні (дзе было некалькі пазнак насупраць прозвішчаў кандыдатаў) сапраўднымі. Больш таго, такія бюлетэні палічылі на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Назіральнік заўважае, што нават візуальна было бачна, што стосы бюлетэняў за дзеючага прэзідэнта прыблізна ў два разы больш за стос бюлетэняў у падтрымку Таццяны Караткевіч, аднак у выніковых пратаколах адзначалася перавага паміж гэтымі кандыдатамі больш чым у 10 разоў.

Уладзімір Ясковіч, які быў назіральнікам на выбарчым участку №35 Маскоўскага раёна Брэста, паведаміў, што падчас датэрміновага галасавання сябры камісіі і назіральнікі фактычна знаходзіліся ў розных памяшканнях. “Месцы для назіральнікаў былі літаральна ў школьным калідоры, а ўчастковай камісіі - ў адным з навучальных пакояў, таму сачыць за хадой датэрміновага галасавання прыходзілася толькі праз адчыненыя дзверы, - кажа Ясковіч. – Зразумела, што цалкам мець уяўленне, як адбываюцца выбары, у такіх умовах немагчыма, але на патрабаванні забяспечыць належныя умовы для назіральнікаў нам адказвалі, што ў гэтай школе №10 няма іншых памяшканняў, каб галасаванне не замінала навучальнаму працэсу”. Толькі ў асноўны дзень выбараў, калі заняткаў у школе не было, назіральнікі і сябры камісіі працавалі ў адным памяшканні.

Пра парушэнні выбарчага заканадаўства на ўчастку №67 у Брэсце распавяла назіральнік ад прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк. Паводле яе слоў, яўка выбаршчыкаў, якую зафіксавалі назіральнікі, на некалькі соцен чалавек адрознівалася з выніковымі дадзенымі выбарчай камісіі. Акрамя таго, участковы выбаркам адхіліў прапанову адкрытага падліку галасоў. “Фактычна падліку галасоў не было: скрыні перакулілі, усе бюлетэні раскідалі па стосах, а пасля старшыня камісіі напісаў на паперы, што яму нашапталі сябры камісіі, і сыйшоў да сакратара. Было бачна, што ў выніковым пратаколе былі запісаныя лічбы, якія камісія атрымала ад некага зверху”, - заўважае Міхнюк, якая таксама склала скаргу паводле згаданых фактах.

Пра вельмі сур’ёзныя парушэнні выбарчага заканадаўства, якія з’явіліся падставай для звароту ў гарадскую пракуратуру, распавёў брэсцкі актывіст Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк, які быў назіральнікам на выбарчым участку №60 Маскоўскага раёна Брэста. 9 кастрычніка Турчаняк атрымаў бюлетэнь для галасавання і пакінуў яго сябе, а ў выбарчую скрыню кінуў звычайны аркуш паперы. Паводле слоў Турчаняка, тое самае зрабілі яшчэ тры асобы, якія перадалі назіральніку выдадзеныя ім бюлетэні. У выніку Дзяніс Турчаняк меў чатыры выбарчых бюлетэні, атрыманых і не выкарыстаных падчас датэрміновага галасавання.

У асноўны дзень выбараў Турчаняк знаходзіўся на ўчастку №60 у якасці назіральніка. Ён заўважыў, што пячатка на урне для датэрміновага галасавання мела іншыя прыкметы ў параўнанні з тым, як гэта было ў першы дзень галасавання. Назіральнік зрабіў выснову, што згаданая урна была незаконным шляхам адчынена (а пасля зноў апячатаная), і паведаміў пра гэта старшыні ўчастковай камісіі Галіне Ківель.

На выбарчым участку №60 у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 365 чалавек, якім была выдадзена адпаведная колькасць бюлетэняў. Падчас падліку галасоў высветлілася, што ў згаданай скрыні знаходзіліся 364 бюлетэня і не было аркушаў паперы, якія трапілі ў выбарчую урну замест бюлетэняў. Дзяніс Турчаняк лічыць, што “аркушы паперы былі прыбраныя з урны нявызначанай асобай і замененыя на фальшывыя бюлетэні”.

Аналагічны “эксперымент” на ўчастку №53 Маскоўскага раёна Брэста зладзіў і назіральнік Сяргей Вакуленка. Паводле яго слоў, там таксама замест двух бюлэтэняў у скрыню для датэрміновага галасавання былі кінуты аркушы паперы, якіх ніхто не знайшоў падчас падліку галасоў.

Акрамя заўвагаў, якія тычацца працэдуры падліку галасоў, назіральнікі звяртаюць увагу, што падчас датэрміновага галасавання фактычна выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс, каб прымусіць галасаваць не ў асноўны дзень выбараў (асабліва гэта было прыкметна на выбарчых участках, дзе галасуюць студэнты). Шмат пытанняў выклікала і працэдура галасавання па месцы жыхарства выбаршчыкаў, якая ў некаторых выпадках істотна паўплывала на вынікі выбараў на канкрэтным участку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары