У Магілёве назіральнікам не дазволяць фатаграфаваць і прысутнічаць пры перадачы дакументаў з участковых камісій ў тэрытарыяльныя
30 верасня адбыліся трэнінгі для кіраўнікоў участковых выбарчых камісій у Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах Магілёва. На трэнінгу, які адбываўся у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, прысутнічаў праваабаронца Барыс Бухель.
Са словаў праваабаронцы, трэнінг заняў 50 хвілін. Падчас яго былі ролевыя гульні – як паводзіць сябе на ўчастках, а таксама агульная інфармацыя па арганізацыі выбараў.
- Прысутныя кіраўнікі ўчастковых выбарчых камісій задалі толькі адно пытанне: ці можна назіральнікам рабіць фотаздымкі на тэрыторыі выбарчага ўчастка, на што быў атрымана катэгарычная адмова – фотаграфаваць могуць толькі акрэдытаваныя журналісты, - гаворыць Барыс Бухель.
Праваабаронца кажа, што здолеў задаць пытанне датычна таго, ці могуць назіральнікі прысутнічаць падчас перадачы пратаколаў з вынікамі галасавання, а таксама выбарчымі бюлетэнямі ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, на што атрымаў адказ – не могуць, бо такое не прадугледжана заканадаўствам.
- Тое, што падчас трэнінгу было задазена ўсяго адно пытанне, сведчыць пра тое, што ўсім усё і так зразумела, бо людзі ў гэтай звязцы працуюць не першы год. Дастаткова прыгадаць той факт, што адзін са школьных дырэктароў адзначыў, што займаецца працэсам арганізацыі выбараў ужо каля 30 гадоў, - гаворыць Барыс Бухель.
Нагадаем, што ў Магілёве ў складзе ўчастковых і тэрытарыяльных выбарчых камісій няма ні аднаго прадстаўніка ад апазіцыі.