Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

На сустрэчу з Таццянай Караткевіч прыйшло каля 300 брэстчан (фота)

Таццяна Караткевіч сустрэлася з выбаршчыкамі ў Брэсце. Яна стала першым з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, хто наведаў гэты горад падчас агітацыйнага перыяду сёлетняй выбарчай кампаніі.

Сустрэча адбылася ў абласным Палацы культуры прафсаюзаў, каля якога ў дзень прыезду Караткевіч нечакана з’явіўся пікет у падтрымку іншага кандыдата – Аляксандра Лукашэнкі. Нечаканасць палягае ў тым, што раней прыхільнікі гэтага кандыдата (яны былі апранутыя ў адмысловыя накідкі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі) не выкарыстоўвалі для агітацыі тэрыторыю побач са згаданай культурнай установай.

Пачас сустрэчы з выбаршчыкамі Таццяна Караткевіч выказалася за тое, каб была павялічана дзяржаўная падтрымка адукацыі і аховы здароўя, бо лічыць ненармальнай з’явай, калі на гэтыя сацыяльныя сферы з бюджэта выдаткоўваецца столькі грошай, колькі ідзе на ўтрыманне дзяржаўнага апарату.

Акрамя таго, кандыдат у прэзідэнты адназначна заявіла пра неабходнасць адмены “дэкрэта аб дармаедах” і скасавання адпаведнага падатку. Дарэчы, падчас сустрэчы адбываўся збор подпісаў за адмену згаданага дэкрэта. Нагадала Караткевіч і пра свае ранейшыя прапановы – выбарнасць кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады, спрыяльныя умовы для развіцця прыватнага бізнэсу, падвышэння якасці жыцця ў рэгіёнах.

Звярнула на сябе ўвагу і тое, што арганізатары мерапрыемства запрасілі сурдаперакладчыка, каб магчымасць даведацца пра выказаныя прапановы была ў інвалідаў па слыху. Раней сурдапераклад выкарыстоўваўся і падчас перадвыбарчага выступу Таццяны Караткевіч на дзяржаўным тэлебачанні.

У размове з журналістамі кандыдат у прэзідэнты Беларусі адзначыла, што падчас агітацыйнага этапа плануе наведаць 50 гарадоў краіны.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары