Каардынацыйная Рада грамадскіх арганізацый і палітычных партый Магілёўшчыны заклікала падтрымаць Аляксандра Лукашэнку
Са словаў магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, гэта першы выпадак яўнай агітацыі ў мясцовых СМІ ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, калі не браць пад увагу публікацыі з выбарчымі праграмамі кандыдатаў.
Заклік каардынацыйнай Рады грамадскіх арганізацый і палітычных партый з’явіўся на старонках газеты “Магілёўскія ведамасці” у нумары за 29 верасня. Як вынікае з публікацыі, ён быў прыняты на агульным пасяджэнні 24 верасня.
У звароце гаворыцца: “..выканаць свой грамадзянскі доўг і, кіруючыся павяленнем сэрца і пачуццём асабістай адказнасці за лёс нашай Радзімы, абраць дастойнага чалавека на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якога ведае беларускі народ, які сваім адданым служэннем Беларусі заслужыў аўтарытэт і давер насельніцтва краіны”.
Акрамя таго, у заяве гаворыцца пра тое, што грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі Магілёўшчыны падтрымліваюць прапанаваны кіраўніком дзяржавы палітычны і сацыяльна-эканамічны курс развіцця краіны.
Трэба адзначыць, што ў спіс так званай Каардынацыйнай Рады грамадскіх і палітычных арганізацый вобласці ўваходзяць выключна лаяльныя да ўлады грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі, таму з’яўленне такой заявы ў часы агітацыйнай кампаніі з’яўляецца лагічным.
Адметна тое, што газета не прыводзіць спіс гэтых арганізацый і партый.