На паседжанні Гродзенскай ТВК ішла размова пра дзеянні адносна схільных да тэрарызму і экстрэмізму, а таксама пра кантроль над iнтэрнэтам
У Гродне прайшло паседжанне абласной ТВК, на якім разглядаліся пытанні тэхнічнай гатоўнасці усіх службаў па забеспячэнні бесперапыннай працы ў адведзены для галасавання час і ў ноч падліку галасоў. Выступалі з дакладамі начальнікі і дырэктары філіялаў Белтэлекаму, МЧС, УУС, “Гроднаэнерга”. Таксама рабілі даклады старшыні Кастрычніцкай ТВК Уладзімір Хлябіч, Ленінскай ТВК – Сяргей Сямашка, Гродзенскай раённай ТВК – Святлана Дабрыян.
Па пытанні забеспячэння бяспекі і правапарадку пры правядзенні выбараў выступіў намеснік старшыні УУС Гродзенскага аблвыканкаму Уладзімір Сацюк. Ён адзначыў, што органы міліцыі «…обеспечивают безопасность и правопорядок в содействии с КГБ и Прокуратурой по проведению превентивно-профилактических мероприятий к гражданам, склонным к актам терроризма и экстремистской деятельности, контроль за сетью Интернет, осмотр транспортных средств для перевозки агитматериалов кандидатов в Президенты, сопровождения транспорта автомобилями ГАИ с бюллетенями и агитматериалами во время выборов и в дни досрочного голосования и в основной день голосования…». Сацюк таксама адзначыў, што створаны кругласуткавы аператыўна-сітуацыйны штаб для забеспячэння бяспекі.
У канцы паседжання былі разгледжаны пісьмовыя звароты з просьбай растлумачыць, як галасаваць тым грамадзянам, якія працуюць на будаўніцтве АЭС вахтавым метадам. Акрамя работнікаў з Гродна, там працуюць і жыхары іншых абласцей. Галасаванне гэтай часткі выбарцаў на выездзе не прадугледжана заканадаўствам. Урэшце абласная ТВК прыняла пастанову аб звароце ў ЦВК, каб тая дала тлумачэнні пра парадак галасавання грамадзянаў, якія працуюць вахтавым метадам.