Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Клімавічы: сябра ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч быў пад пагрозай крымінальнага пераследу за паклёп і абразу прэзідэнта

Сёння ў Клімавічых супрацоўнікі мясцовай міліцыі затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч Аляксандра Балобіна і даставілі ў Клімавіцкі РАУС. Намеснік начальніка аддзялення Аляксандр Кавалёў азнаёміў актывіста з пастановай аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць яго, пасля чаго яго адпусцілі.

Па словах Аляксандра Балобіна, два супрацоўнікі клімавіцкай міліцыі завіталі да яго на працу каля 11-00 і загадалі яму ехаць з імі (Аляксандр Балобін працуе распаўсюднікам латарэйных білетаў у будынку крамы “Еўраопт” у Клімавічах). На просьбу Балобіна патлумачыць, чым выклікана неабходнасць яго дастаўкі ў РАУС, міліцыянты адказалі, што ён гэта зможа даведацца непасрэдна на месцы.

Пасля дастаўкі ў будынак РАУС актывіту давялося чакаць каля гадзіны, а пасля яго завялі ў кабінет да намесніка начальніка Клімавіцкага РАУС Аляксандра Кавалёва. Падпалкоўнік Кавалёў азнаёміў Балобіна з пастановай аб адмове ва ўзбуджэнні супраць яго крымінальнай справы па арт. арт.367 і 368 Крымінальнага кодэкса (“Паклёп у адносінах прэзідэнта РБ” і “Абраза прэзідэнта РБ”) і даў яму распісацца пад паперкай аб азнаямленні з пастановай. Таксама Аляксандр Балобін быў папярэджаны аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў. Дзесьці калі 12-20 актывіста адпусцілі з міліцыі.

Нагадаем, што некалькі тыдняў таму ў прыватны дом у вёсцы Паўлавічы, дзе пражывае Аляксандр Балобін, завітаў участковы інспектар міліцыі. Падставай для наведвання Балобіна ўчастковы назваў тое, што нехта з мясцовых жыхароў паведаміў у клімавіцкую міліцыю аб тым, што падчас збору подпісаў актывіст хадзіў са сцягам, а таксама казаў абразы на адраз кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандр Балобін давёў участковаму, што гэта інфармацыя не адпавядае сапраўднасці, супрацоўнікам міліцыі быў складзены пратакол апытання. Зараз гэта гісторыя атрымала працяг.

Аляксандр Балобін збіраў подпісы за вылучэнне Таццяна Караткевіч кандыдатам на прэзідэнты РБ у Клімавіцкіх і суседніх раёнах усходняй Магілёўшчыны. Актывіст здолеў сабраць больш за 700 подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння Таццяны Караткевіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары